Лукашэнка: паміж сьвецкай і духоўнай уладай усталявалася "сымфонія"

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што "моцная ўлада зьяўляецца гарантыяй непахіснасьці становішча праваслаўнай царквы ў грамадзтве".

"У нас з вамі агульныя задачы – клопат пра дабрабыт народа, яго маральнае здароўе, захаваньне спакою і стабільнасьці ў нашым беларускім доме", - заявіў А.Лукашэнка на ўрачыстым пасяджэньні сыноду Беларускай праваслаўнай царквы, перадае Інтэрфакс.

Кіраўнік краіны выказаў упэўненасьць, што "кожны з прысутных тут герархаў разумее гэта і ў сваім служэньні будзе выступаць надзейным саюзьнікам дзяржавы ў сумеснай працы па ўмацаваньні палітычных і духоўных падмуркаў грамадзтва, рашэньні вострых праблемаў".

Паводле А.Лукашэнкі, Беларуская праваслаўная царква пад кіраўніцтвам мітрапаліта Філарэта "ішла ў рэчышчы абранага народам курса разьвіцьця краіны і заўсёды яго падтрымлівала". Цяпер "паміж сьвецкай і духоўнай уладай усталяваліся "сугучныя" стасункі, якія ў праваслаўі прынята называць "сымфоніяй".