У Мэксыканскай затоцы выбухнула буравая плятформа

У Мэксыканскай затоцы, за 80 кілямэтраў ад узьбярэжжа амэрыканскага штату Луізіяна, ідуць пошукава-выратавальныя работы пасьля выбуху і пажару на буравой плятформе. Паводле розных зьвестак, зьніклі бязь вестак ад 11 да 15 чалавек. У шпіталь дастаўленыя сем пацярпелых.

Усяго на плятформе ў момант выбуху, які здарыўся ў ноч на сераду, знаходзіліся 126 людзей. Улады спадзяюцца, што ўсе, хто працаваў на нафтавым радовішчы, змаглі эвакуавацца на выратавальных шлюпках. Аб прычынах здарэньня пакуль што не паведамляецца.