Музэй прэзэнтуе менчукам "Шэўрале" Янкі Купалы

Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы ладзіць прэзэнтацыю свайго ўнікальнага музэйнага экспаната — легкавога аўтамабіля "Шэўрале" народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

На гэтым аўтамабілі 24 чэрвеня 1941 году Янка Купала пакінуў Менск, накіраваўшыся ў Ляўкі, а затым у эвакуацыю ў Маскву і Казань.

Аўтамабіль знаходзіцца ў музэйнай калекцыі. Раней яго прапаноўвалі для агляду ў філіяле музэю "Ляўкі". У Менску купалаўскі "Шэўрале" будзе экспанавацца цягам трох дзён — 16-18 красавіка — каля будынка музэю.

Акрамя музычных твораў на вершы Янкі Купалы, прэзэнтацыю аздобіць тэатралізаваная пастаноўка, дзе можна будзе пабачыць пэрсанажаў гарадзкога жыцьця Менску першай паловы ХХ стагодзьдзя.