Сям’я зь Беларусі пасьпела падзякаваць Качыньскім за дзень да трагедыі

Мадзіна Іванова, маці вядомага на ўсю Польшчу трохгадовага Паўліка (палякі ведаюць яго больш як Яся), сказала сёньня журналістам, што абавязкова разам з тысячамі палякаў возьме ўдзел у пахаваньні прэзыдэнцкага сужонства — Марыі і Леха Качыньскіх.

“Іх гібель — вялікі шок для нас”, — кажа Мадзіна. — “Бо напярэдадні ў пятніцу наша сям’я адмыслова прыехала ў Варшаву ў прэзыдэнцкі палац, каб падзякаваць за тое, што ўсе мы пяцёра цяпер маем польскае грамадзянства”

Мадзіна Іванова і яе чацьвёра дзяцей жывуць у Любліне. У свой час польскія мэдыі, а таксама “Свабода” шмат распавядалі пра тое, як хворае на мукавісцыдоз немаўлятка, Паўліка, павінны былі дэпартаваць у Беларусь, бо маці, беларуская грамадзянка, пакінула яго ў шпіталі. Мадзіна тлумачыла свой учынак тым, што пры сваіх мізэрных даходах ня ў стане дапамагчы немаўлятку пры такой цяжкай ягонай хваробе, а таму прасіла іншых палякаў узяць апякунства над Паўлікам. Апякунка, маладая полька, знайшлася, аднак неўзабаве таксама адмовілася ад хворага Яся. Урэшце Мадзіна ўсё ж выйграла барацьбу за лёс свайго малодшага сына і іншых дзяцей, падаюць польскія СМІ. Напачатку польскае грамадзянства атрымаў Паўлік (яго біялягічны бацька — грамадзянін Польшчы), а некалькі тыдняў таму польскімі грамадзянамі сталі Мадзіна і трое яе старэйшых дзяцей.

“Аказваецца, пані Марыя вельмі шчыльна сачыла за лёсам Паўліка і нашымі справамі”, — кажа Мадзіна. — “Калі мы ўбачыліся ў пятніцу, яна пачала распытваць, як мы маемся. Зрабіла дзецям падарункі. Узяла Паўліка за руку і павяла ў палац. Адчувалася, што пані Марыя — вельмі цёплы і зычлівы чалавек”.

Старэйшыя дзеці Мадзіны кажуць: ім цяжка паверыць у тое, што адбылося ў суботу, бо перад вачыма ў іх — падзеі сустрэчы ў пятніцу.

“Яшчэ ў суботу раніцай мы абмяркоўвалі той прыём, а потым па тэлевізары ўбачылі паведамленьне пра трагедыю. Падалося, што гэта нейкі страшны жарт. Аднак, на жаль…” — кажа старэйшы брат Паўліка Алег, вучань люблінскай гімназіі.

“Як добра, што нам усё ж удалося пасьпець падзякаваць гэтым цудоўным і шчырым людзям за тое, што яны зрабілі для нас”, — кажуць родныя Паўліка.