"Чорныя капальнікі" робяць запасы

У Сьветлагорскім раёне знайшлі склад боепрыпасаў, які зрабілі "чорныя капальнікі".

Як паведамілі БелаПАН у прэсавай службе УУС Гомельскага аблвыканкама, апэратыўнікі атрымалі інфармацыю пра тое, што ў лесе каля вёскі Дражня "чорныя капальнікі" складуюць боепрыпасы.

Спэцыялісты выехалі на месца і знайшлі ў лесе боепрыпасы часоў Другой сусьветнай вайны: артылерыйскія снарады, гранаты, узрывальнікі. Усе 76 адзінак знойдзеных боепрыпасаў перададзеныя супрацоўнікам в/ч 5525 Гомеля для зьнішчэньня. Устанаўліваюцца асобы, якія мелі дачыненьне да несанкцыянаваных раскопак у месцах баёў.

7 красавіка ў Жлобінскім раёне ля вёскі Пякалічы таксама былі знойдзеныя боепрыпасы часоў мінулай вайны: артылерыйскія снарады, гранаты, узрывальнікі. 109 адзінак боепрыпасаў перададзеныя супрацоўнікам в/ч 5525 для зьнішчэньня.