“Сьпіс Аўтуховіча” быў складзены на просьбу праваабаронцаў

У Вярхоўным судзе працягваецца працэс над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым і Аляксандрам Ларыным паводле справы аб «падрыхтоўцы да тэракту». Сёньня зноў апытвалі сьведак, аднаго зь іх ужо другім разам.

Напярэдадні з ініцыятывы адваката Паўла Сапелкі ў судзе былі агалошаныя дакумэнты, якія тычацца гэтак званага сьпісу чыноўнікаў, сьледчых, супрацоўнікаў падатковай службы і судзьдзяў, датычных да незаконнага, як лічыў Аўтуховіч, перасьледу яго і фірмы «Ніка-транс». Аказалася, што скласьці такі сьпіс Аўтуховіча папрасілі праваабаронцы. Гэта было ў 2008 годзе, пасьля выхаду Аўтуховіча з калёніі, дзе ён сядзеў паводле абвінавачаньня ў нясплаце падаткаў. Адвакат Павал Сапелка лічыць, што «сьпіс Аўтуховіча» не супярэчыць закону.

Павал Сапелка
«Кожны чалавек мае права скласьці сьпіс асобаў, якіх ён лічыць у нечым вінаватымі. Калі гэта ня мае мэтай незаконныя дзеяньні адносна гэтых асобаў, то чаму не? Проста гэта сыстэматызацыя дадзеных. Нагадаю, Аўтуховіч ужо казаў у судзе і яшчэ будзе казаць, што калі ён зь Лявонавым вышлі на волю пасьля арышту, яны ніколі не пакідалі думкі аднавіць справядлівасьць. Яны ўвесь час займаліся пытаньнямі рэабілітацыі сваёй і іхніх суб’ектаў гаспадараньня».

Сёньня падчас ранішняга паседжаньня суд вярнуўся да допыту сьведак. Настаўніца Алена Аспарнюк была знаёмая з абвінавачаным Аляксандрам Ларыным празь сяброўку Хасанаву, якая потым стала жонкай Ларына. Нагадаю, Ларын прызнае сябе вінаватым, і ягоныя паказаньні сьледзтва лічыць адным з доказаў віны Аўтуховіча і Асіпенкі. Раней Ларын распавядаў суду, як у кастрычніку 2005 году, калі арыштавалі Аўтуховіча, ён хаваўся ад праваахоўных органаў, пакуль рыхтаваўся да замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанку. У мэтах кансьпірацыі Ларын нібыта карыстаўся мабільным тэлефонам, зарэгістраваным на імя Алены Аспарнюк. Сьведка распавяла суду, як аформіла гэты тэлефон і перадала Ларыну. Вэрсія пра кансьпірацыю Ларына нібыта пацьвердзілася.

Абвінавачанага Ўладзімера Асіпенку, аднак, зацікавіла гэткая дэталь. З паказаньняў Аспарнюк атрымлівалася, што Ларын шмат разоў званіў на яе тэлефон толькі дзеля таго, каб яна перадала трубку Хасанавай, якая была побач. «У Хасанавай быў свой мабільны тэлефон?» — запытаў сьведку Асіпенка. Адказ быў станоўчы. «Дык чаму Ларын не званіў наўпрост ёй, а зьвязваўся праз вас?» Уцямнага адказу так і не прагучала. У судзе таксама былі агалошаныя зьвесткі, паводле якіх сьведка Аспарнюк была знаёмай Івана Навумовіча. Гэты чалавек раней быў тройчы судзімы, адвакаты лічаць яго зьвязаным з крымінальнікамі ў Ваўкавыску. У справе Аўтуховіча Навумовіч спачатку быў адным з падазроных, а ў выніку прызнаны толькі сьведкам. З паказаньняў Навумовіча вынікае, што ён нібыта ведаў пра гранатамёт у гаспадарцы Мікалая Аўтуховіча.

Як суд ацэніць паказаньні Навумовіча і ягонай знаёмай Аспарнюк — невядома. Між тым абаронцы мяркуюць, што насамрэч Аляксандар Ларын альбо імітаваў падрыхтоўку да замаху, альбо ў пэўных мэтах агаворвае сябе і Мікалая Аўтуховіча з Уладзімерам Асіпенкам.

З агучаных сёньня матэрыялаў справы стала вядома, што ў 2005 годзе Асіпенка меў з Ларыным канфлікт. Асіпенка западозрыў Ларына, які рамантаваў аўтамабіль на грошы Аўтуховіча, у махлярстве і распавёў пра гэта Аўтуховічу. З таго часу Ларын і Асіпенка паміж сабой не размаўлялі. «Незразумела, як пры такіх стасунках яны маглі быць сябрамі тэрарыстычнай групоўкі, як сьцьвярджае сьледзтва?» — зьдзіўляецца старэйшы брат Асіпенкі пэнсіянэр Станіслаў Асіпенка, які сёньня прысутнічаў на працэсе. Станіслаў Асіпенка ня верыць у датычнасьць брата да тэрарызму:

«Ня мог ён такога зрабіць, я яго добра ведаю. Магчыма, ён нешта чуў такое, але каб ён удзельнічаў у гэтым — мяркую, гэта глупства. Адпачатку ён на гэта ня быў здольны».

Карэспандэнт: «На вашу думку, а Мікалай Аўтуховіч мог нешта такое задумаць? Прыкладам, замах?»

«Збольшага я яго зусім ня ведаю, толькі вонкава. Нават ніколі не сустракаліся, не размаўлялі. А ў размовах з братам ён казаў пра Аўтуховіча добрымі словамі. Як пра чалавека разумнага, прынцыповага, што ён за праўду стаіць».