На Украіне зноў патрабуюць адабраць званьне Героя. Пасьля Бандэры - Бярэсту

Прадстаўнік украінскай партыі “ Свабода” Дзьмітрый Сьнегіроў просіць суд адмяніць прысваеньне званьня "Герой Украіны" Аляксею Бярэсту, які ўзьняў чырвоны сьцяг над Рэйхстагам 30 красавіка 1945 году. Сьнегіроў падаў у Данецкі акруговы адміністрацыйны суд заяву аб адмене адпаведнага ўказу прэзыдэнта Украіны ад 6 траўня 2005 году.

Сьнегіроў абгрунтоўвае пазоў тымі ж аргумэнтамі, якія прыводзіў у сваім пазове данецкі адвакат Уладзімір Алянцэвіч ў справе ўзнагароджаньня Сьцяпана Бандеры. Па падставе пазову Алянцэвіча той жа Данецкі суд у красавіку сёлета прызнаў указ прэзыдэнта Юшчанкі аб пасьмяротным уганараваньні Бандэры незаконным і рэкамэндаваў яго адмяніць. Суд аргумэнтаваў сваё рашэньне тым, што Сьцяпан Бандэра не з’яўляўся грамадзянінам незалежнай дзяржавы Украіны , бо памёр задоўга да яе ўзьнікненьня ў эміграцыі.

Новы заяўнік Д. Сьнегіроў зьвяртае ўвагу, што і Аляксея Бярэсту тады нельга лічыць грамадзянінам Украіны, бо вэтэран вайны памёр у 1970 годзе. Раней палітвыканкам партыі “Свабода” зьвярнуў увагу на юрыдычныя і палітычныя наступствы, якія можа выклікаць адабраньне ўзнагароды ў Сьцяпана Бандэры. Тады прыйдзецца, напрыклад, адмяніць гэтыя званьні і чарнобыльскім пажарнікам, якія памерлі ад высокіх доз апраменьваньня ў 1986 годзе , а званьне Герояў атрымалі праз 20 гадоў.

Кіраўнік Луганскай арганізацыі “Свабоды” спадзяецца, што суд ня стане прымяняць двайныя стандарты ў разглядзе па сутнасьці двух iдэнтычных спраў – Бандэры і Бярэсты. Сьнегіроў падкрэсьлівае, што ён ня мае асабістых прэтэнзій да асобы памерлага вэтэрана, але закон павінен быць аднолькавым для ўсіх, незалежна ад таго, падабаецца гэта той ці іншай частцы грамадзтва.