Уладзімер Арлоў – першы ляўрэат прэміі “Эўрапейскі паэт свабоды”

Уладзімер Арлоў

Прэмія за кнігу «Паром празь Ля-Манш» была ўручаная беларускаму пісьменьніку 26 сакавіка ўвечары ў памяшканьні Гданьскага тэатру. Заснавальнік узнагароды — урад Гданьску. Свабодзе ўдалося датэлефанавацца да ляўрэата і павіншаваць яго.

Ўладзімер Арлоў: «Дзякуй, я якраз толькі што атрымаў ўзнагароду. Гэта ўвогуле было першае ўзнагароджаньне. Цырымонія атрымалася вельмі прыгожая, такая літаратурна-музычная, з прамовай мэра Гданьску. А перад гэтым я ды іншыя намінанты выступалі перад аматарамі паэзіі ў самых розных аўдыторыях. Дадам, што на гэтую прэмію былі намінаваныя паэты і паэткі з Сэрбіі, Швэцыі, Францыі, Кіпру, Польшчы, Славакіі, Славеніі і іншых краін.

Мая кніга „Паром празь Ля-Манш“ выйшла па-беларуску ў Менску і па-польску ў Гданьску ў перакладзе Адама Паморскага. Спадар Паморскі — гэта, дарэчы, выдатны польскі перакладчык, прэзыдэнт польскага ПЭН-цэнтру. Лічу, што гэта шчасьце для нашай літаратуры, што ён заняўся перакладам беларускіх паэтаў. Дзякуючы яму два гады таму выйшла анталёгія беларускай паэзіі».