Рада Эўразьвязу ўхваліла зьмены ў Шэнгенскія пагадненьні

Міністэрства замежных спраў Беларусі праз дыпляматычныя каналы атрымала інфармацыю, што 22 сакавіка Рада ЭЗ ухваліла сумесную прапанову Эўрапарлямэнту і Рады Эўразьвязу аб унясеньні зьмяненьняў у Шэнгенскія пагадненьні ў частцы забесьпячэньня свабоды перасоўваньня асобаў, якія маюць доўгатэрміновыя візы (катэгорыі D).
Пра гэта паведамляе прэсавая служба МЗС.

Калі гэтыя зьмены ўступяць у сілу (з 5 красавіка 2010 году, адначасова зь Візавым кодэксам ЭЗ), уладальнікі доўгатэрміновых візаў будуць прыроўненыя да асобаў, якія аформілі дазвол на жыхарства ў дзяржаве- сябры Шэнгенскіх пагадненьняў і маюць права свабодна рухацца па ўсёй тэрыторыі Шэнгену цягам трох месяцаў кожныя паўгода.

Максымальны тэрмін дзеяньня доўгатэрміновых візаў будзе абмежаваны адным годам.