“Не выключаю, што Беларусь можа выйсьці з Мытнага Саюзу”

Кірыл Коктыш

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не выключае правалу Мытнага Саюзу. Беларускі прэзыдэнт зноў адзначыў, што Менск уступаў у клясічны мытны саюз без усялякіх выключэньняў. Ці прыслухаецца Масква да чарговых скаргаў Беларусі? Ці існуе імавернасьць таго, што Беларусь можа ўвогуле выйсьці з Мытнага Саюзу? На гэтыя пытаньні адказвае з Масквы палітоляг Кірыл Коктыш.

Цыганкоў: Ці адрэагуе Масква на чарговую пагрозьлівую заяву беларускага прэзыдэнта? Наколькі Расея гатовая прыслухоўвацца да меркаваньня Беларусі, якая патрабуе, каб нафта і нафтапрадукты ўнутры Мытнага Саюзу не абкладаліся ніякай мытай?

Коктыш: Масква ўжо мае досьвед, калі Беларусь пагражала не падпісваць Мытны Саюз, гандлявалася, але ўрэшце пагадзілася на расейскія ўмовы. Так што пакуль у Масквы няма ніякіх падставаў перагледжваць тое, што было падпісана. Тут зноў узьнікае пытаньне – калі Беларусь пагаджалася на нейкі “іншы” Мытны Саюз, які адрозьніваецца ад таго, якія быў падпісаны – як тады працавала МЗС, іншыя ведамствы, што мусілі падрыхтаваць гэтыя пагадненьні. Бо калі кіраўнік дзяржавы кажа, што мы падпісалі ня тое, пра што дамаўляліся – то гэта нейкі нонсэнс.

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў наступнае – “Мы павінны вызначыцца менавіта зараз, таму што потым, калі гэты працэс стане незваротным, ужо будзе позна змагацца за ўласныя інтарэсы”. Ці можна ўбачыць у гэтых словах намёк на тое, што Беларусь можа выйсьці з Мытнага Саюза? Наколькі гэта імаверна?

Коктыш: Я не выключаю, што Беларусь можа выйсьці з Мытнага Саюза. Насамрэч беларуская і расейская эканомікі – вельмі розныя паводле структураў. Расейская эканоміка зацікаўлена ў максымальным кошце сыравіна, беларуская – у максымальным кошце канчатковай прадукцыі.

Гэта азначае, што ўзгадняць інтарэсы двух такіх розных эканомік – працэс, які патрабуе часу, які мог працягвацца месяцамі. Але тут выглядае, што вырашылі проста найхутчэй падпісаць, вырашылі, што будзе бязмытная нафта, я яны ўсе мінусы перакрые. Цяпер высьвятляецца, што такой нафты ня будзе, што ёсьць страты амаль па кожным міністэрстве, і ёсьць страты ў выглядзе паўтара мільёнаў абураных уласьнікаў іншамарак.

І цяпер узьнікае пытаньне, а хто будзе за гэта плаціць, і хто будзе гэта кампэнсаваць. Таму я не выключаю, што Беларусь можа выйсьці з Мытнага Саюзу. Але гэта будзе азначаць страту твару: навошта было падпісваць нейкае пагадненьне, каб адразу дэнансаваць свой уласны подпіс?