Горадня: другія «Казюкі» — пад дахам

Сёньня ў Горадні адбыліся два кірмашы рамёстваў. Адзін — на вуліцы ўдзень наладзіў з дапамогай уладаў афіцыйны Саюз палякаў на чале са Станіславам Сямашкам, другі — увечары ў памяшканьні — незарэгістраваны Саюз палякаў, якім кіруе Анжаліка Борыс.
Праўда, самой яе на адкрыцьці не было. Затое з Польшчы прыехаў сэнатар Станіслаў Гогач, які павіншаваў прысутных са сьвятам і выказаў ім падтрымку. Слова да ўдзельнікаў кірмашу сказаў таксама Ян Срока, які выконвае абавязкі Генэральнага консула РП у Горадні.

Станіслаў Гогач

Вырабы майстроў.
Сэнатар Гогач: «Я хацеў бы падзякаваць, што быў запрошаны на сёньняшнюю ўрачыстасьць, на „Казюкі-2010“. Удзельнічаючы ў гэтым спатканьні разам з дзеячамі культуры, мы навязваем лучнасьць з унукам Уладыслава Ягайлы, які перамог пад Грунвальдам. А яго ўнук кароль Казімер Ягелёнчык у веку 26 гадоў памёр тут, у Горадні».

Ірэна Валюсь, якая рэдагуе газэту «Głos znad Niemna na uchodźstwie»: «Улады гавораць усім народным майстрам, каб прыехалі ў Горадню на кірмаш, на „Казюкі“. А так людзі і ня ведаюць, што гэта за традыцыя. Атрымліваецца звыклая імпрэза, якую ладзяць улады. У адрозьненьні ад тых, на нашыя „Казюкі“ людзі прыходзяць з патрэбы сэрца, добра ведаюць традыцыю. А ўдзельнічаюць сябры таварыства народных майстроў, якое дзейнічае пры Саюзе палякаў на чале з Анжалікай Борыс».

Станіслаў Муліца, старшыня таварыства народных майстроў пры СПБ: «Так здарылася, што дзевяць гадоў мой помысл быў аб тым, што ня толькі віленчукі маюць права на гэтае сьвята, але і гарадзенцы, таму што сьвяты Казімер тут жыў нейкі час, памёр тут, і мы павінны яксьці ўшанаваць пра яго памяць. Так здарылася, што пасьля 2005 году мы ня можам удзельнічаць у тых дзяржаўных „Казюках“, мы робім свае альтэрнатыўныя. Хоць не такое вялікае памяшканьне, але сёньня 65 майстроў прыйшлі, прынесьлі свае вырабы. Цешуся з таго, што тут ёсьць майстрыхі, якія вырабляюць гарадзенскія пальмачкі або вербачкі — можна так сказаць, якія вельмі адрозьніваюцца ад віленскіх».