“Казюкі” ў Горадні

4 сакавіка — дзень сьвятога Казіміра, заступніка рамесьнікаў. Сёньня ў Горадні адбыўся з гэтай нагоды кірмаш рамёстваў. Сьвята адзначаецца ў горадзе з пачатку 2000-х гадоў. Дарэчы, у гарадзкім катэдральным каталіцкім саборы алтар сьвятога Казіміра існуе ўжо трыста гадоў.
Карэспандэнт: «Дзень на гарадзенскія „Казюкі“ вятрысты, халодны, і гэта — традыцыйна, хаця сонца таксама паказваецца. Людзей нямала — і майстроў, і наведнікаў, бо гэта ў цэнтры Горадні адбываецца — на пешаходнай вуліцы ў старой забудове».

Спадарыня: «Увогуле вельмі багаты выбар і вельмі ўсё прыгожае, цікавае. Асабліва мне спадабаліся гліняныя скульптуркі. Я набыла сувэніры дочкам, старгавалася за восемдзесят тысяч — за чатыры штукі. Так што я вельмі задаволеная».

Майстар са Смаргоні: «Казімір сьвяты — патрон рамесьнікаў, вясна пачынаецца з гэтага сьвята. Што за зіму зрабілі — тое паказваем. На віленскія „Казюкі“ цяпер ня трапіш, цяжка заехаць, візы ня маю. Хацелася б, каб хутчэй нам 50-кілямэтровую зону зрабілі, і мы туды рванем „з Масквы да Вільні“, таму што Масква нас ужо дастала… Са Смаргоні недалёка да Вільні, а зьезьдзіць ня можаш, вялікая праблема — і нашая мытня, і іхняя, бяда цэлая».

Пэнсіянэрка: «Я толькі прыйшла, не пасьпела паглядзець. Купляць? Напэўна, не. Няма грошай, пэнсія невялікая, толькі паглядзець можна на ўсё…»

Спадар: «Шчыра кажучы, на гарадзенскіх „Казюках“ вельмі шмат вырабаў пошлых і кічовых, якія я б адразу вывозіў на сьметнік. Гэта ўзровень культуры нашых людзей, якія чымсьці займаюцца, але ў які бок ідуць — ня ведаюць. Няма разуменьня — што рабіць, як рабіць? Не, ёсьць і прафэсіяналы. Я кожны год тут хаджу і нешта купляю сабе, але шмат такога, чаго я стыдаюся, што тут ёсьць».

Карэспандэнт: «Гэта ўсё пад эгідай праўладнага Саюзу палякаў, яго кіраўнік прэсавую канфэрэнцыю праводзіць. Што вы думаеце наконт існаваньня двух саюзаў палякаў — Борыс і Сямашкі?»

Спадар: «Я лічу, што сьвята гэтае, сьвятога Казіміра, не належыць нікому — ні адным, ні другім. Яно раней існавала і надалей будзе існаваць. А гэты разлад у Саюзе палякаў — мне сорамна нават за палякаў, што яны між сабой ня могуць дамовіцца. Гэта яшчэ раз гаворыць, што ніякія яны не палякі, гэта нашы людзі, каторыя ня могуць падзяліць грошы».