Настаўнікам будуць плаціць у залежнасьці ад якасьці і выніковасьці?

Міністэрства адукацыі Беларусі сумесна з прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі падрыхтавала прапановы аб узмацненьні дыфэрэнцыяцыі аплаты працы пэдагогаў у залежнасьці ад яе якасьці і выніковасьці, паведамляе БелаПАН. Пра гэта сказаў на сумесным паседжаньні Мінадукацыі і прафсаюза намесьнік міністра Казімір Фарыно.

Паводле слоў Фарыно, у агульнаадукацыйных установах Беларусі працуе больш за 110 тыс. пэдагагічных работнікаў. У школах у якасьці настаўнікаў працуюць больш як 360 студэнтаў і амаль 8 тыс. работнікаў, якія дасягнулі пэнсійнага ўзросту. Колькасьць настаўнікаў-мужчын працягвае скарачацца. Зараз у школах працуюць 16 070 мужчын (14,5%), летась іх было 17 260 (15%).

Сярэдняя зарплата работнікаў адукацыі за 2009 год склала 693,9 тыс. рублёў, альбо 248 даляраў ЗША. Паводле ўзроўню зарплаты ўстановы адукацыі займаюць пятае месца сярод бюджэтных арганізацый.