Палецкіс: Эўрапарлямэнт не прызнае парлямэнт Беларусі

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч і лідэр неафіцыйнага Саюзу палякаў Анжаліка Борыс сустрэліся з прадстаўнікамі найбуйнейшых фракцыяў Эўрапарлямэнту. У Эўрапарлямэнце пройдуць дэбаты па Беларусі, а 25 лютага дэлегацыя эўрапарлямэнтароў на чале са старшынём дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў “Эўранэсьце”, баўгарскім дэпутатам Крыстыянам Вігеніным накіроўваецца ў Менск.
Сустрэчы адбыліся ў фракцыях Эўрапейскай народнай партыі і сацыялістаў. Паводле памочніка Аляксандра Мілінкевіча Алеся Лагвінца, эўрапарлямэнтары выказалі падтрымку дэмакратычным працэсам і сваю прыхільнасьць фундамэнтальным прынцыпам. Яны адзначылі, што ня будзе ніякіх кампрамісаў у тым, што тычыцца дэмакратыі і правоў чалавека. Спадар Мілінкевіч адзначыў, што выступы ў фракцыях мелі вялікае значэньне:
кампрамісы — гэта выдатная дыпляматычная рэч, але не ў галіне правоў чалавека ...

“Вядома, што ў сацыялістаў погляд на дыялёг часта адрозьніваецца ад Эўрапейскай народнай партыі. Яны за большыя кампрамісы, за тое, каб праводзіць дыялёг найперш у эканамічнай сфэры. Але я думаю, што мне ўдалося іх пераканаць сёньня, і пра гэта сказала кіраўніцтва фракцыі сацыялістаў, што кампрамісы — гэта выдатная дыпляматычная рэч, але не ў галіне правоў чалавека. Яны сказалі, што будуць падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі ў яе барацьбе за палітычныя і грамадзянскія свабоды. Я ўсьцешаны тым, што калі гэтыя дзьве фракцыі будуць на нашым баку, то нам будзе лягчэй пры такіх партнэрах адстойваць дарогу да эўрапейскіх стандартаў”.

Як паведамілі ў прэсавай службе Эўрапарлямэнту, сёньня эўрапарлямэнтары плянуюць правесьці дэбаты па сытуацыі ў Беларусі, а рэзалюцыю яны прымуць у сакавіку. Гэта адбудзецца пасьля візыту ў Менск дэлегацыі Эўрапарлямэнту. Яна правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску, апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і журналістамі. Эўрапарлямэнтары падрыхтуюць справаздачу аб сытуацыі ў краіне. Аднак які сэнс у дэбатах без рэзалюцыі? Сябра дэлегацыі, эўрадэпутат Юстас Палецкіс адзначыў:

Юстас Палецкіс
“Сэнс у тым, што ня варта бразгаць дзьвярыма перад візытам гэтай дэлегацыі, што трэба стварыць магчымасьці для дыялёгу як з апазыцыяй, няўрадавымі арганізацыямі, незалежнымі журналістамі, так і з афіцыйнай уладай. Будуць сустрэчы на высокім узроўні. І пасьля гэтага ўжо не сьпяшаючыся, не па гарачых сьлядах прымаць нейкія рашэньні на паперы. У любым выпадку гэтыя высновы і ўражаньні, якія прывязе дэлегацыя, будуць мець важнае значэньне прынамсі для пазыцыі парлямэнту. І, канечне, непазьбежна будуць мець значэньне і маючыя адбыцца выбары ў мясцовыя органы ўлады”.

Паводле спадара Палецкіса, сустрэча з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам наўрад ці адбудзецца, але будуць іншыя сустрэчы “на высокім узроўні”.

“Зыходзячы з таго, што Эўрапарлямэнт усё ж не прызнае абраны цяпер парлямэнт Беларусі, у нас у гэтым сэнсе зьвязаныя рукі. Ня будзе так, як бывае, калі прыяжджаеш ва Ўкраіну, Расею ці Малдову, дзе праходзяць афіцыйныя сустрэчы ў парлямэнце і гэтак далей”.

Анжаліка Борыс, якая таксама бярэ ўдзел у сустрэчах з эўрапарлямэнтарамі ў Брусэлі, распавяла пра сытуацыю вакол польскай меншасьці. Яна адзначыла, што тут няма этнічнага канфлікту, а ёсьць парушэньне правоў.
Калі ўлады нешта хочуць ад Эўразьвязу, то яны павінны падтрымліваць тыя стандарты, на якіх трымаецца Эўропа ...

“Вырашэньне канфлікту вельмі простае. Ніхто ж не за тое, каб не размаўляць, уводзіць нейкія санкцыі. Для мяне важна, каб была спрошчаная працэдура для грамадзянаў Беларусі, каб яны маглі паехаць у Эўразьвяз, каб улады далі магчымасьць усім арганізацыям, і таксама польскай меншасьці, аб’ядноўвацца, функцыянаваць, нармальна іх зарэгістравалі. Калі ўлады нешта хочуць ад Эўразьвязу, то яны павінны падтрымліваць тыя стандарты, на якіх трымаецца Эўропа”.