Суд адмовіў Зьмітруку ў пазове

Суд Першамайскага раёну Менску палічыў, што няма падставаў, каб задаволіць пазоў. Паводле судзьдзі, зьвесткі, якія распаўсюдзіла БТ, паўтараліся ў інтэрнэце і таму не зьяўляюцца абразай.

12 лютага на судовае паседжаньне не прыйшлі Юры Пракопаў і Георгі Зьмітрук. Іх інтарэсы прадстаўлялі юрысты. Прадстаўнік Георгія Зьмітрука Раман Зьмітрук пацьвердзіў патрабаваньні, а юрысты БТ не прызналі пазову. Судзьдзя паведаміла, што а 14-й гадзіне абвесьціць рашэньне ў справе.

Сустаршыня аргкамітэту для стварэньня БХД Георгі Зьмітрук патрабаваў абвяржэньня зьвестак, распаўсюджаных у праграме «Панарама тыдня» ад 13 сьнежня 2009 году, а таксама кампэнсацыі маральнай шкоды.

У рэпартажы Юры Пракопаў скарыстаў нібыта інфармацыю з інтэрнэту, спаслаўшыся на ананімныя крыніцы. Паводле гэтых крыніцаў, Зьмітрук нібыта карыстаўся паслугамі прастытутак і своечасова не расплачваўся зь імі.

Георгі Зьмітрук сьвердзіў, што БТ зрабіла сюжэт, каб кампрамэтаваць сяброў аргкамітэту БХД.