Сёньня суд у Пётркуве-Трыбунальскім засудзіў Анджэя Лепэра, лідэра партыі "Самаабарона", на 2 гады і 3 месяцы турмы ды ягонага партыйнага калегу Станіслава Лыжвіньскага на 5 гадоў турмы за сэксуальную эксплюатацыю дзяячак іхнай партыі.
Прысуд пакуль яшчэ не ўступіў у сілу, і як Лепэр, так і Лыжвіньскі, якія не прызнаюць сваёй віны, заявілі, што будуць апэляваць.
Справа сэкс-скандалу ў "Самаабароне" выйшла на дзённае сьвятло, калі адна зь дзяячак "Самаабароны", Анэта Краўчык, выявіла польскім СМІ ў сьнежні 2006 году, што Лыжвіньскі дамагаўся ад яе сэксуальных паслугаў за пасаду ў ягоным пасольскім бюро. Краўчык таксама сьцьвярджала, што ў яе былі сэксуальныя зносіны зь Лепэрам.
Лепэр быў дэпутатам у польскі Сэйм у 2001-2007 гадах, а таксама міністрам сельскай гаспадаркі і намесьнікам прэм’ер-міністра ў 2006-2007 гадах, калі урад фармавала партыя братоў Леха і Яраслава Качыньскіх, "Права і справядлівасьць".
Лыжвіньскі быў дэпутатам у польскі Сэйм у 2001-2007 гадах.
На фота: Анджэй Лепэр на выставе ў Рызе ў 2006 годзе: