Сёньня – акцыя салідарнасьці з івянецкімі палякамі

Андрэй Пачобут

10 лютага а 15-й гадзіне ў Горадні заплянаваная акцыя салідарнасьці з сябрамі Івянецкага аддзела непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў.
Збор прызначаны ля Дому Польскага, на рагу вуліцаў Дзяржынскага і 17 верасьня ля помніка Адаму Міцкевічу.

“Сымбалічна, што наша акцыя адбудзецца ў 70 угодкі першай дэпартацыі мясцовага насельніцтва, якую ў 1940 годзе правялі Саветы”, - піша ў сваім блогу Андэй Пачобут, кіраўнік рады непрызнаванага СП.

Івянецкая арганізацыя дагэтуль не падпарадкоўваецца праўладнаму Саюзу, якім кіруе Станіслаў Сямашка, яна па-ранейшаму падтрымлівае апальную Анжаліку Борыс, арганізацыя якой дзейнічае ў напаўлегальных умовах.

У Івянцы адначасова ўзначальвае і польскую арганізацыю і Дом польскі адзін чалавек — Тэрэса Собаль.

21 студзеня ў Івянец Валожынскага раёну адначасова прайшлі два сходы. Адзін правялі прыхільнікі незарэгістраванага СПБ Анжалікі Борыс, другі быў арганізаваны з дапамогай улады.

Лідэр івянецкіх актывістаў Тэрэса Собаль лічыць, што сход праўладнай суполкі СПБ быў сабраны прымусова. Кіраўніком зрабілі дырэктара мясцовага Дома культуры Станіслава Бурачэўскага, які раней не выяўляў такіх амбіцый.