Юшчанка дасьць загад унутраным войскам атачыць ЦВК

Віктар Юшчанка

Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка мае намер даручыць Унутраным войскам МУС Украіны ахоўваць Цэнтральную выбарчую камісію па зьнешнім пэрымэтры, а Дзяржаўнай службе аховы – узмацніць прапускную сыстэму ў ЦВК.

Паводле УНІАН, пра гэта ён паведаміў 5 лютага на нарадзе па забесьпячэньні законнасьці і правапарадку падчас правядзеньня другога тура выбараў кіраўніка дзяржавы. Па словах Юшчанкі, гэты ўказ быў падрыхтаваны на падставе пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Разам з тым, ён не ўдакладніў, аб якім менавіта пасяджэньне РНБА гаворыцца.

Акрамя таго, Юшчанка даручыць СБУ і Дзяржаўнай службе спэцыяльнай сувязі ўзмацніць абарону дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў, у прыватнасьці, зрабіць немагчымым зьяўленьне так званых транзытных сэрвэраў або скажэньняў паведамленьняў, якія будуць паступаць ад акруговых камісіяў у ЦВК.

"Хачу давесьці да ўсіх: правесьці на законным узроўні выбары – значыць пазьбегнуць вялікага грамадзкага супрацьстаяньня", – сказаў В. Юшчанка.

Як паведаміла прэс-сакратар Прэзыдэнта Ірына Ваньнікава, пасяджэньне РНБА па забесьпячэньні парадку падчас выбараў адбылося днём раней у рэжыме апытаньня членаў рады.