У Баранавічах пратэставалі рабочыя

Каля ста работнікаў Баранавіцкага аўтаагрэгатнага заводу, незадаволеныя нізкім заробкам, выказалі пратэст кіраўніцтву 3 лютага.
«Прадпрыемства працуе няпоўны працоўны тыдзень. Заробак у параўнаньні з 2008 годам упаў ажно ў тры разы! – распавёў Баранавіцкай незалежнай газэце «Intex-press» адзін з рабочых аўтаагрэгатнага заводу. – Адны атрымлівалі летась 400 тысяч, іншыя ўвогуле 170 тысяч!»

На сходзе, які доўжыўся каля 20 хвілінаў, дырэктар прадпрыемства спрабаваў супакоіць рабочых, нагадаўшы ім аб цяжкай сытуацыі ў цэлым па галіне. А кіраўніцтва аддзелу працы і заработнай платы папярэдзіла рабочых, што для магчымага росту заробку неабходна звольніць як найменей трыста чалавек.

«Разьлікі аб заробку за студзень нам выдадуць 11 лютага, – сказаў пажылы рабочы, – А там ужо відаць будзе, што далей рабіць».

Працоўныя зь неахвотай распавядаюць аб сытуацыі на заводзе. "Неяк ля ўваходу вісела аб'ява, што супрацоўнікі, якія выдадуць унутраную інфармацыю аб прадпрыемстве, будуць выстаўленыя з заводу", – растлумачыў «Intex-press» нядаўна звольнены работнік.

Журналісты «Intex-press» падкрэсьліваюць, што самі такой аб'явы ня бачылі, але відавочна, што нлюдзі сёньня даражаць нават такім малааплатным месцам працы.

Фота са сходу можна паглядзець ТУТ.