“Пётар Карповіч: герой-антыгерой”

Сёньня ў Гомелі моладзева-культурніцкая грамадзкая арганізацыя “Талака” прэзэнтуе дакумэнтальны фільм уласнай вытворчасьці: “Пётар Карповіч: герой-антыгерой”. Фільм апавядае пра гомельскага рэвалюцыянэра-тэрарыста Пятра Карповіча. Яго імем названа адна з вуліц у цэнтры Гомеля.

Кіраўніца “Талакі” Ларыса Шчыракова апавяла, што ў фільме выкарыстаны шматлікія ўспаміны пра Карповіча, у тым ліку й расейскіх рэвалюцыянэраў-тэрарыстаў Веры Фігнэр, Марыі Сьпірыдонавай, Барыса Савінкава.

Пётар Карповіч нарадзіўся ў Гомелі ў 1874 годзе. Вучыўся ў Гомельскай і Слуцкай гімназіях, у Маскоўскім і Юр’еўскім (цяперашні Тартускі) унівэрсытэтах. Выключаны за ўдзел у студэнцкім руху.

У 1899 годзе Пётар выехаў за мяжу і паступіў вучыцца ў Бэрлінскі ўнівэрсытэт. Афіцыйныя крыніцы падаюць, што рэпрэсіі царызму ў дачыненьні да рэвалюцыйна настроенага студэнцтва прымусілі Карповіча вярнуцца ў Пецярбург. 14 лютага 1901 году на знак пратэсту ён сьмяротна параніў расейскага міністра асьветы Мікалая Багалепава. Гэта адбылося ў прыёмнай міністэрства, куды Карповіч прыйшоў з прашэньнем на аднаўленьне ва ўнівэрсытэт. Міністар гэтае прашэньне ўзяў, і калі адвярнуўся пагутарыць з гарадзкім галавой з Чарнігава наконт адкрыцьця рэальнага вучылішча, Карповіч стрэліў з рэвальвэра. Куля трапіла Багалепаву ў шыю.

Карповіча асудзілі да 20 гадоў катаргі. Пакараньне ён адбываў у Шлісэльбурскай крэпасьці, а затым — ва Ўсходняй Сыбіры.

У 1907 годзе Пятра Карповіча выпусьцілі на вольнае пасяленьне. Ён уцёк за мяжу і ўступіў у “Баявую арганізацыю” эсэраў, стаўшы адным з памагатых Еўны Азэфа. Праз год удзельнічаў у арганізацыі няўдалага замаху на Мікалая II.

Пасьля выкрыцьця Азэфа як правакатара Карповіч адышоў ад эсэраў. А калі ў 1917 годзе вяртаўся ў Расею, трагічна загінуў. Параход быў атакаваны ў Паўночным моры германскай падводнай лодкай.

У Гомелі за савецкім часам Пятра Карповіча падавалі як аднаго з арганізатараў Гомельскага камітэту РСДРП, які забясьпечваў яго марксісцкай літаратурай. Цяпер многія грамадзкія актывісты выказваюць думку, што вуліцу імя тэрарыста Карповіча даўно трэба перайменаваць.