Анатоль Івашчанка – пра беларускія літаратурныя рэмэйкі

Анатоль Івашчанка

Моднае слоўца рэмэйк ці рымэйк (ад анг. remake – пераствараць) імкліва пераўтвараецца ў літаратуразнаўчы панятак. Але ці такая ўжо новая сама гэтая зьява? Наш экспэрт Анатоль Івашчанка вылучыў найлепшыя творы-перастварэньні ў беларускай прозе, паэзіі і драматургіі.




Энеіда навыварат; Тарас на Парнасе. Паэмы. Менск, “Юнацтва”, 1982.


Першымі беларускімі літаратурнымі рэмэйкамі, без сумневу, ёсьць бурлескава-травесьційныя паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”, што сталіся пародыяй ці, кажучы сёньняшняй мовай, кічам з набыткаў клясіцызму. На добры лад, “Энеіда навыварат”, што, дарэчы, стаіць ля вытокаў зьяўленьня “новай беларускай літаратуры” наагул, – гэта нават рэмэйк рэмэйку – “Энеіды” ўкраінца Катлярэўскага. Травесьці ж (ад франц. travestir – пераапранаць) і варта лічыць этымалагічным прататыпам панятку рэмэйк.



Уладзімер Караткевіч, Дзікае паляваньне караля Стаха. Збор твораў у 8 тамах, том 7. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1990.


Падаецца, што найгалоўны бэстсэлер беларускае літаратуры “Дзікае паляваньне караля Стаха” сьмела можна назваць рэмэйкам. Цяжка не заўважыць амаль люстранага падабенства караткевічаўскіх Балотных Ялінаў і Баскервіль-Холу. Пазычаньне ж пэўных сюжэтастваральных лініяў, нават дэталяў, і гатычна-балотнага антуражу ў Конан-Дойля – таго, што сёньня завецца словам інтэртэкстуальнасьць – успрымаецца не як плагіят, але як наўмысны рэвэранс у бок майстра дэтэктыву. Пагатоў “Дзікае паляваньне…” жанрава сягае куды вышэй за проста дэтэктыўна-прыгодніцкую аповесьць.


Сяргей Кавалёў, Стомлены д’ябал. П’есы. Менск, выдавец Ігар Логвінаў, 2004.


Самы пасьпяховы ў сцэнічным жыцьці твор галоўнага айчыннага рэмэйкера Сяргея Кавалёва “Стомлены д’ябал” (1997) грунтуецца на мастацкіх здабытках аж трох знакавых для беларускай драматургіі фігураў: К. Марашэўскага, Я. Купалы і Ф. Аляхновіча. Дарэчы, нельга зьмешваць паняцьці рэмэйк і інсцэніроўка ці паўторная экранізацыя. Паводле Кавалёва, аўтар рэмэйку ці “герменеўтычнай п’есы”, у адрозьненьне ад аўтара інсцэніроўкі, “поўнасьцю свабодны ў канструяваньні новага мастацкага сьвету, дыялёг адбываецца ня толькі паміж героямі, але і паміж рознымі творамі, жанрамі, эпохамі”.

Акрамя ўсяго, “Стомлены д’ябал” ды іншыя п’есы-рэмэйкі Кавалёва выконваюць важную, так бы мовіць, лікбезавую функцыю. У часы славутае “дэвальвацыі слова” й страты цікаўнасьці да чытаньня прагляд адной такой п’есы здольны “хутка й смачна” схіліць манкурта да нацыянальнага. Таму-сяму захочацца перагартаць, па-новаму зірнуць на беспасьпяхова чытаных у школе Купалу, Баршчэўскага, паэму “Тарас на Парнасе”...

Андрэй Хадановіч, Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі. Менск, выдавец Ігар Логвінаў, 2005.


Рэмэйк слаўназнанае паэтычнае формы Эдварда Ліра, бацькі ангельскай паэзіі абсурду, Лімэркі Хадановіча – гэта адначасна і перанясеньне “псэўда-ангельскага нонсэнсу” на беларускую глебу, і мэтад змаганьня са “скрухай і няпрухай”. Больш за тое, “Землякі...” – гэта міні-падручнік па беларускай тапаніміцы, кожны “артыкульчык” якога ўяўляе выкшталцоны ўзор вышэйшага паэтычнага пілятажу й дасьціпнага ляканізму. Ня дзіва, што гэтыя пяцірадкоўі адразу сталіся аб’ектам любові народнай. І напраўду – “вежу” зносіць:

Звар’яцеламу Віцю з-пад Віцебску
стаць казюркаю хочацца, Віцю б ску-
рыстакрылым зрабіцца.
Кажа. “Я – жамярыца,
нават маю ад лекара выпіску!”


Завяршае наш рэйтынг Зіга Зюзінскі (ён жа Джэці, яна ж Вера Бурлак, яна ж...) з трагедыяй “Цар Эдып”.


Зига Зюзински. Царь Эдип. Трагедия. “Nihil” №3, 2002.


Да гэтай п’есы найбольш пасуе вызначэньне ўсё тае ж травесьці, зь якой пачынаўся наш рэйтынг. Часавае кола замкнулася.

Кампазіцыя твору пазычаная з клясычнай антычнай п’есы, склад герояў – з трагедыі Сафокла. Па сутнасьці, адзіны “прышлы” персанаж тут – Паўлік Марозаў, вакол “гераічнага” ўчынку якога й разгортваецца дзея твору. Гэта, вядома, інтэлектуальная забаўка, адрасаваная перадусім выпускнікам філфаку, чыстае вады хуліганства, але з глыбокім падтэкстам. На тле лабавых курэйчыкаўскіх інсцэніровак клясычных сюжэтаў, падобнай экспэрымэнтальнай драматургіі дужа бракуе на сёньняшняй беларускай сцэне...