Ежы Бузэк занепакоены разьвіцьцём падзеяў вакол беларускіх палякаў

Ежы Бузэк

Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк у часе свайго сёньняшняга візыту ў Варшаву выказаў заклапочанасьць ў сувязі з апошнімі масавымі затрыманьнямі актывістаў неафіцыйнага Задзіночаньня палякаў у Беларусі:

«Рэакцыя павінна быць неадкладнай. Мы павінны дзейнічаць рашуча і цьвёрда. Мы ўсё яшчэ памятаем Польшчу ў 1970-1980-я, калі сябры нацыянальна-вызваленчага руху атрымлівалі ў турмах падтрымку звонку. Гэта падтрымка мае вырашальнае значэньне, і мы будзем настойваць на ёй».

Напярэдадні сваю занепакоенасьць у сувязі з разьвіцьцём сытуацыі выказала амбасада Польшчы ў Беларусі. Сёньня намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Ян Баркоўскі заявіў у Варшаве, што «беларускія ўлады відавочна ўзмацняюць ціск на польскую нацыянальную меншасць у Беларусі».

Баркоўскі таксама заявіў, што паводле неафіцыйнай інфармацыі, «мясцовыя ўлады ў раёне, які быў у цэнтры ўчорашняга канфлікту, спрабуюць закрыць польскія школы».

Намесьнік кіраўніка польскага зьнешнепалітычнага ведамства выказаў спадзяваньне на тое, што праблема будзе вырашана.