Беларуска-польскія стасункі ў тумане

Вальдэмар Паўляк

Завяршаючы візыт у Беларусь віцэ-прэм’ер Польшчы Вальдэмар Паўляк заявіў, што правёў «вельмі сур’ёзныя і канкрэтныя перамовы, якія прынясуць сур’ёзны эфэкт у двухбаковых стасунках».
Падчас візыту ў Беларусь віцэ-прэм’ер Польшчы Вальдэмар Паўляк правёў сустрэчы з прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім, першым віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам і ўзяў удзел у працы сумеснай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве разам зь віцэ-прэм’ерам Іванам Бамбізам. Падчас падыходу да прэсы спадар Паўляк адзначыў:

«Сёньня быў, фактычна, Божы знак. Калі мы выляталі ў Менск з Варшавы, то мы былі вымушаны гадзіну пачакаць у аэрапорце, бо ў Менску быў туман. Потым надвор’е палепшылася і зьявілася сонца. Я думаю, гэта вельмі падобна на тую сытуацыю, як мы зараз выходзім з крызісу. Зьявілася пэрспэктыва, і асабліва важна разьвіваць супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі як краінамі-суседзямі».

Віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Іван Бамбіза дадаў:

«Пажадаем адзін аднаму, каб туману ў нашых стасунках не было».

Вальдэмар Паўляк і Іван Бамбіза.

Тое, што падчас перамоваў закраналіся ня толькі двухбаковыя пытаньні, сьведчыць заява Сяргея Сідорскага пра тое, што Беларусь спадзяецца на зьмякчэньне гандлёвай палітыкі Эўразьвязу адносна беларускага экспарту. У цэлым мыта, якое дзейнічае ў Эўразьвязе, складае 5,2%, а для беларускага экспарту дасягае 17%- 80% і 90% на пастаўкі беларускага мяса. Беларусь — гэта адзіная краіна, для якой Эўразьвяз захаваў квоту па тэкстылі. А вось, маўляў, дзякуючы Мытнаму саюзу, эўрапейскі тавар можа ісьці на аднолькавых умовах да Новасыбірска ці Алма-Аты.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Ланід Заіка назваў такое абяцаньне Сідорскага фармальным і даволі нерэалістычным.

«Мы і самі зь цяжкасьцю прадавалі сваё малако і мяса ў Расею. І тормазам было тое, што Беларусь падазравалі, недзе і справядліва, у рээкспарце: куплялі прадукты ў краінах Эўразьвязу, у Польшчы, і потым выводзілі гэта на расейскі рынак. У Расеі жорсткі маніторынг на харчовым рынку, і Расея ахоўвае свае інтарэсы».

Спадар Паўляк сказаў, што ў Менску абмеркаваны шэраг важных тэмаў:

«Гэта супрацоўніцтва ў фінансавым сэктары, у сфэры энэргетыкі, найперш электраэнэргетыкі. Дасягнулі канкрэтных дамоўленасьцяў па сур’ёзных праектах. Зусім хутка нашы міністры замежных спраў падпішуць дамову аб правілах памежнага руху, што створыць базу для спрашчэньня і паляпшэньня кантактаў на чалавечым узроўні паміж беларусамі і палякамі».

Спадар Паўляк спадзяецца на набліжэньне Беларусі да тых магчымасьцяў, якія адкрываюцца дзякуючы праграмам ЭЗ. Ён спадзяецца, што інвэстыцыі польскай кампаніі «Кульчык Холдынг» па будаўніцтве ў Зэльве вугальнай электрастанцыі будуць зроблены.

Іван Бамбіза адзначыў:

«Мы дамовіліся, што інвэстыцыйны клімат у Беларусі добры, што інвэстары Польшчы могуць актыўна ўкладаць свае капіталы. Мы падпісалі пагадненьне паміж канкрэтнай польскай кампаніяй „AKJ Capital“ і Дзяржкаммаёмасьці пра тое, што гэта кампанія — а пратакол быў пад нумарам адзін, гэта першая такая дамоўленасьць — надзелена функцыямі нашага інвэстыцыйнага агента і будзе займацца аказаньнем садзейнічаньня па прыцягненьні інвэстыцый у Беларусь як польскіх, так і інвэстыцый трэціх краін».

Камэнтуючы гэтыя заявы, Леанід Заіка адзначыў, што калі гаворка ідзе аб продажы дзяржаўнай маёмасьці, то вакол гэтага будзе круціцца вельмі многа людзей з добрым і сумнеўным мінулым.

«За гэтым хаваецца прапанова паўдзельнічаць у прыватызацыі і падзяліць дывідэнды зь беларускай намэнклятурай. Відаць, ёсьць жаданьне запусьціць сцэнар, што пад выглядам замежных інвэстыцый будзе ажыцьцяўляцца намэнклятурная прыватызацыя».