Прэзыдэнт Літвы: закрыцьцё АЭС стане пачаткам энэргетычнай незалежнасьці

Даля Грыбаўскайце

Пасьля закрыцьця Ігналінскай АЭС 31 сьнежня 2009 году наступны год стане годам пачатку энэргетычнай незалежнасьці Літвы, заявіла прэзыдэнт краіны Даля Грыбаўскайце.

У інтэрвію BNS у суботу кіраўніца дзяржавы заявіла, што, пакуль дзейнічала старая АЭС, ніводная палітычная сіла не адважвалася пачаць стварэньне рэальнага рынку электраэнэргіі.

«Энэргетычная сыстэма Літвы была і ёсьць залежнай ад Расеі, бо ўсе энэргетычныя рэсурсы — пастаўкі і газу, і электраэнэргіі, зьвязаныя з гэтай краінай. Такая залежнасьць ад адной краіны сфармавалася менавіта з-за старой электрастанцыі. Інтарэсы, што аблыталі яе, прывязалі Літву да Расеі й не дазволілі разьвіваць ні альтэрнатыўную энэргетыку, ні ствараць лініі электраперадач, што зьвязваюць з заходнімі рэгіёнамі»

«Пасьля закрыцьця Ігналінскай АЭС 2010-ы год стане годам пачатку энэргетычнай незалежнасьці».

Згодна з абавязкамі перад Эўразьвязам 31 сьнежня Літва зачыніць Ігналінскую АЭС, якая лічыцца небясьпечнай.
Паводле слоў кіраўніцы дзяржавы, закрыцьцё Ігналінскай АЭС будзе значыць, што ў краіны будзе магчымасьць дывэрсыфікацыі энэргакрыніц шляхам стварэньня новых змычак з краінамі Паўночнай і Заходняй Эўропы.

«Нарэшце пачнецца стварэньне рэальных электрасетак, якое ні адна палітычная сіла не адважвалася пачаць, пакуль дзейнічала старая Ігналінская АЭС».

«Пасьля ўзьнікненьня рынку электраэнэргіі і змычак, мы даб’ёмся рэальнай энэргетычнай незалежнасьці, і нашым людзям не давядзецца плаціць па манапалісцкіх цэнах, якія дыктуюцца ня толькі расейскімі, але й літоўскімі манапалістамі. Я не сумняваюся, што ў мэтах забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі Літве варта застацца краінай зь зьмяшанай энэргетыкай — атамнай, канвэнцыйнай і альтэрнатыўнай».

Згодна з абавязкамі перад Эўразьвязам 31 сьнежня Літва зачыніць Ігналінскую АЭС, якая лічыцца небясьпечнай. Замест яе Літва плянуе разам з Латвіяй, Эстоніяй і Польшчай пабудаваць новую АЭС, паведамляе Інтэрфакс.