Прэзыдэнт Расеі цяпер зможа сам пасылаць армію за межы краіны


Расейскі Савет Фэдэрацыі ўхваліў пастанову, згодна зь якой прэзыдэнт Расеі зможа асабіста прымаць рашэньні аб апэратыўным выкарыстаньні Ўзброеных сілаў Расеі за межою – паведамляе ІТАР-ТАСС.

Раней для выкарыстаньня арміі за мяжою прэзыдэнту была патрэбная санкцыя верхняй палаты парлямэнту. Прапанову аб зьмене гэтага палажэньня ўнёс асабіста Дзьмітрый Мядзьведзеў.

Кіраўнік Расеі прапаноўваў даць яму такую магчымасьць у мэтах “абароны інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі і яе грамадзянаў, падтрыманьня міжнароднага міру і бясьпекі”.

У адпаведнасьці з расейскім законам “Аб абароне”, прэзыдэнт Расеі можа выкарыстоўваць армію за мяжою для адбіцьця ўзброенага нападу на фармаваньні Ўзброеных сілаў РФ і іншыя войскі або органы, дысьлякаваныя за межамі краіны. Апрача таго, расейскія салдаты на загад прэзыдэнта могуць адбіваць або прадухіляць узброены напад на іншую дзяржаву, якая зьвярнулася да Расеі з адпаведнай просьбаю. Таксама Ўзброеныя сілы РФ могуць выкарыстоўвацца за мяжою для абароны расейскіх грамадзянаў, што знаходзяцца за межамі Расеі.