Прунскене і Позьнер — пра Ягора Гайдара

Ягор Гайдар у студыі Радыё Свабода

На 54-м годзе жыцьця памёр аўтар эканамічнай праграмы шокавай тэрапіі ў Расеі пачатку 1990-х гадоў Ягор Гайдар. Пра Гайдара гавораць Казіміра Прунскене і Ўладзімер Позьнер.

Казімера Прунскене, першы прэм'ер-міністар незалежнай Літвы, кіравала ўрадам ў той час, калі першым расейскім урадам фактычна кіраваў Гайдар:

“Для мяне, для маіх калег сьмерць Гайдара -- жудасная нечаканасьць. Я хачу выказаць спачуваньне яго блізкім, яго сябрам, яго калегам ад мяне, ад маіх калег, ад Народнага саюзу Літвы, ад усіх, хто яго ведаў і памятае. Я часта зь ім сустракалася, мы абмяркоўвалі стратэгічныя пытаньні таго часу, калі для нас былі так важныя будучыя ўзаемаадносіны паміж Расеяй і Літвой. У мяне засталіся аб ім самыя сьветлыя і добрыя ўспаміны. Час тады было няпросты, і нам вельмі было важна, каб у Расеі былі ўплывовыя палітыкі, якія разумелі б нашы памкненьні. Мы хацелі будаваць сваё жыцьцё самастойна і адначасова захоўваць і разьвіваць добрыя адносіны з суседзямі, перш за ўсё з Расеяй. Ён разумеў нас. Вядома, у нашых рэформах мы арыентаваліся на эўрапейскі вопыт і гарманізаваць наша заканадаўства з заканадаўствам Эўрапейскага саюза. Але нам было вельмі важна і цікава ведаць, як на гэтую тэму разважаюць расійскія эканамісты-рэфарматары, у першую чаргу, Гайдар. Нам зь ім даводзілася сустракацца і пасьля таго, як ён пакінуў свой пост, мы размаўлялі ў Калінінградзе, і былі вельмі цікавыя яго думкі аб, скажам, рэгіянальным разьвіцьці Расеі і супрацоўніцтве з балтыйскім рэгіёнам. Гэта быў вельмі цікавы чалавек для гутаркі, для стратэгічных дыскусій”.

Журналіст Уладзімер Позьнер.

“Для мяне сыход Ягора Гайдара -- гэта асабістая страта. Мы былі знаёмыя, але нельга сказаць, што мы сябравалі або бачыліся ў нерабочай абстаноўцы. Аднак я адчуваю, што страціў блізкага сябра. Для мяне Ягор Гайдар -- гэта сымбаль усяго перадавога, таго, што пакуль яшчэ не ажыцьцявілася ў Расеі. Гэта быў чалавек надзвычайнай мужнасьці, цьвёрдасьці, прынцыповасьці і, вядома ж, розуму. І Ягор Цімуравіч ніколі не губляў мужнасьці. Я не ведаю, калі Расея ацэніць усё тое, што ён зрабіў, але я не сумняюся, што гэта адбудзецца.

Ягор Цімуравіч не быў ва ўладзе, але ён пісаў. Тыя, хто чытаў яго кнігі, асабліва апошнія, павінен пераканацца ў тым, што ён праяўляў у іх выдатны розум. У апошні час ён пісаў падручнік найноўшай рускай гісторыі, і я вельмі шкадую, што ён яго не напісаў. Няма ніякага сумневу, што гэтая кніжка была б выдатнай, яна супрацьстаяла б тым цемрашальскім падручнікам, якія сёньня існуюць і нават ухваленыя. Не ведаю, наколькі ён прасунуліся ў напісаньні падручніка, магчыма, і ў цяперашнім выглядзе яго можна публікаваць. Можа быць, яшчэ напішуць выдатныя падручнікі, але кнігу Гайдара ўжо ніхто не завершыць. У Расеі ёсьць вельмі дзіўная прымаўка: няма незаменных людзей. На самой справе кожны чалавек незаменны, таму што кожны чалавек ні на каго не падобны. Гайдар, вядома ж, незаменны”.