Тыдзень у фатаздымках, 6 — 12 сьнежня

07 сьнежня, панядзелак - Чарговы акт вандалізму ўчынены ў Курапатах. Невядомыя зламалі некалькі крыжоў, у тым ліку крыж-капліцу з копіяй абраза Маці Божай Курапацкай.

07 сьнежня, панядзелак - У штаб-кватэры БНФ. адбыліся дэбаты паміж Анатолем Лябедзькам і Віктарам Карняенкам.

07 сьнежня, панядзелак - У менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры прайшла канфэрэнцыя «Першы год крызісу: выклікі для беларускай эканамічнай палітыкі».

07 сьнежня, панядзелак - У будынку Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі прайшоў сьвяточны канцэрт з нагоды першых угодкаў кампаніі “Будзьма!”

08 сьнежня, аўторак - Першы сьнег на менскіх вуліцах.

08 сьнежня, аўторак - Міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў (чацьвёрты зьлева) узяў удзел у першай штогадовай нарадзе міністраў замежных спраў краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» ў Брусэлі.

09 сьнежня, серада - Грамадзкая арганізацыя «Праваабарончы альянс» найлепшым журналісцкім унёскам у абарону правоў чалавека ў 2009 годзе назвала працу карэспандэнта “Свабоды” Алега Груздзіловіча. Праваабаронцам года стаў Раман Кісьляк, адвакатам года — Павал Сапелка. На фота — Людміла Гразнова і Іна Кулей віншуюць Рамана Кісьляка.

09 сьнежня, серада - Калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду пад старшынствам Алены Ткачук адхіліла касацыйную скаргу верніка царквы “Сьведкі Еговы” Дзьмітра Смыка на пакараньне штрафам у памеры тры з паловай мільёны рублёў за адмову служыць у войску.

10 сьнежня, чацьвер - Праваабаронцы замовілі трамвай, каб на прыпынках раздаваць «Дэклярацыю правоў чалавека». Але ім паведамілі, што ў дэпо затапіла рэйкі. Тады праваабаронцы замовілі аўтобус, але міліцыянты спынілі яго і накіравалі ў міліцыю для праверкі. Акцыю давялося правесьці на вуліцы. На фота — сьвяточны торт адразае пасол Швэцыі Стэфан Эрыксан.

10 сьнежня, чацьвер - Група беларускіх праваабаронцаў перадала ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі пэтыцыю з заклікам адмяніць сьмяротнае пакараньне, падпісаную вядомымі ў Беларусі асобамі.

10 сьнежня, чацьвер - На Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбылася акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня правоў чалавека.

10 сьнежня, чацьвер - Два дзясяткі актывістаў прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, Свабоднага прафсаюзу Беларускага, а таксама Магілёўскага праваабарончага цэнтру выйшлі на пешаходную вуліцу Ленінскую ў Магілёве, каб раздаць брашуры з Дэклярацыяй правоў чалавека.

10 сьнежня, чацьвер - У варшаўскім “Доме журналіста” адбыліся ўрачыстасьці з нагоды другой гадавіны працы тэлеканалу “Белсат”.

10 сьнежня, чацьвер - У Менску прайшла прэзэнтацыя мультымэдыйнага дыску “Гадуем беларусаў разам!”.

10 сьнежня, чацьвер - У Менску прайшоў круглы стол беларускіх і польскіх гісторыкаў, прысьвечаны Другой усясьветнай вайне.

11 сьнежня, пятніца - Прэм’еры Беларусі, Казахстану і Расеі дамовіліся пра стварэньне адзінай эканамічнай прасторы «трох» не пазьней за 1 студзеня 2012 году.