Пэтыцыю дазволілі перадаць, не дазволілі гэта сфатаграфаваць

Група беларускіх праваабаронцаў перадала ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі пэтыцыю з заклікам адмяніць сьмяротнае пакараньне, падпісаную вядомымі ў Беларусі асобамі.

Зварот з заклікам адмяніць сьмяротнае пакараньне падпісалі экс-сьпікер Мечыслаў Грыб, народная артыстка Зінаіда Бандарэнка, пісьменьнік Уладзімер Арлоў ды яшчэ 31 вядомая ў Беларусі асоба. Гэты зварот праваабаронцы сёньня ўласнаручна аднесьлі ў адміністрацыю прэзыдэнта. Праваабаронца Ірына Тоўсьцік патлумачыла “Свабодзе” мэту акцыі:

“Мы спадзяемся, што ўсё ж улады прыслухаюцца і ўвядуць мараторый на сьмяротнае пакараньне ў бліжэйшы час. А пасьля ўвогуле гэты бязьлітасны і варварскі ў 21-м стагодзьдзі від пакараньня будзе адменены”.

Праваабаронцы аднесьлі зварот у прыёмную прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і перадалі супрацоўніку гэтай службы. Міліцыянты, якія ахоўваюць будынак адміністрацыі Лукашэнкі, праваабаронцам не заміналі, але журналістам забаранілі здымаць падзеі на фоне будынка адміністрацыі і прымусілі сьцерці здымкі, на якіх будынак патрапіў.

Your browser doesn’t support HTML5

Перадача пэтыцыі за адмену сьмяротнай кары



Пасьля гэтага праваабаронцы рушылі на праспэкт Незалежнасьці, дзе каля ГУМу раздавалі мінакам друкаваны матэрыял супроць сьмяротнай кары. Тут перашкод з боку праваахоўных органаў таксама не было.

Далей у праграме Дня правоў чалавека была вандроўка па горадзе на трамваі, падчас якой плянавалася весьці з пасажырамі на прыпынках размовы адносна неабходнасьці адмены сьмяротнага пакараньня. Аднак з арэндай трамвая ў апошні момант узьніклі невырашальныя праблемы, распавёў праваабаронца БХК Гары Паганяйла прыблізна а 15 гадзіне дня:

“Зараз мы стаім на прыпынку “Дружная” і чакаем аўтобуса. Трамвай неяк раптоўна “зьнік”, нам у апошні момант адмовілі ў арэндзе. Таму мы пераарыентаваліся на аўтобус і чакаем, калі ён прыедзе. А тут ужо стаіць маёр КДБ, які раней вымаў у нас аргтэхніку з офісу, ёсьць прадстаўнікі РАУС, назіраюць, але пакуль ніякіх дзеяньняў зь іх боку няма”.

Цяпер у чаканьні сьмяротнага пакараньня ў вязьніцы на Валадарскага знаходзяцца Васіль Юзэпчук і Андрэй Жук. Праваабаронца Ірына Тоўсьцік — пра іх справы:

“Яны цяпер чакаюць разгляду прашэньняў аб памілаваньні ў камісіі па памілаваньні. Таксама ідзе камунікацыя наконт іх зь дзяржавай, бо пададзеныя ад іх звароты ў камітэт правоў чалавека ў ААН. Адтуль ва ўрад накіраваныя просьбы не выконваць сьмяротныя прысуды да разгляду іх зваротаў у камітэце ААН. Цяпер напружаны момант чаканьня”.

Аўтобус, на якім праваабаронцы зьбіраліся езьдзіць па Менску і агітаваць супраць сьмяротнага пакараньня, з аўтапарку так і не прыйшоў.

Уладзімер Арлоў дэманструе кнігу «Імёны Свабоды».
Папрысутнічаць на акцыю пад'ехаў Стэфан Эрыксан.
З-за таго што арганізатарам акцыі не далі правесьці акцыю у трамваі і аўтобусе, яны вымушаныя былі правесьці яе на месцы збору ля чыгуначнага вакзалу.
Удзельнікі акцыі прэзэнтуюць гасьцям акцыі торт з нагоды Дня правоў чалавека.
І разам задуваюць сьвечкі.
Першаму адрэзаць кавалак далі Стэфану Эрыксану.