Прэзыдэнт Літвы сустрэлася са школьнікамі зь Беларусі

Даля Грыбаўскайтэ

Літоўскі прэзыдэнт Даля Грыбаўскайтэ сустрэлася ў Вільні з вучнямі літоўскіх школаў у Пэлясе і Рымдзюнах на Гарадзеншчыне і заклікала іх не забывацца пра тое, што яны ёсьць «пасламі Літвы ў Беларусі».
Інфармацыю пра сустрэчу, якую арганізавала для школьнікаў зь Беларусі амбасада Літвы ў Менску, распаўсюдзілі сёньня шэраг літоўскіх інфармацыйных агенцтваў.

“Вы нам вельмі дарагія, – зьвярнулася да вучняў зь Беларусі Даля Грыбаўскайтэ. – Вы размаўляеце, вучыцеся, сьпяваеце па-літоўску. Аднак вы павінны імкнуцца больш вучыцца і працаваць, паколькі вы нашы дзеці, паслы Літвы”.

Прэзыдэнт Літвы падкрэсьліла, наколькі важна для кожнага літоўца, які жыве ў замежжы, прыкладаць актыўныя намаганьні ў авалоданьні ведамі і навукай.

“Толькі пры наяўнасьці добрай працаздольнасьці вы зможаце дасягнуць выдатных вынікаў. Рызыкуйце, ня бойцеся марыць”, – заклікала дзяцей Даля Грыбаўскайтэ.

"Я хачу, каб вы заўсёды адчувалі радасць і гонар быць літоўцамі", – дадала пры разьвітаньні са школьнікамі зь Беларусі кіраўніца Літвы.