Бэрлюсконі за тры гадзіны візыту адчуў любоў беларусаў да Лукашэнкі

Завяршыўся афіцыйны візыт у Беларусь італьянскага прэм’ер-міністра Сыльвіё Бэрлюсконі. Гэта першы прыезд заходнеэўрапейскага палітыка такога рангу ў Менск за ўсе 15 гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі.
У Менску адбыліся перамовы Бэрлюсконі з Аляксандрам Лукашэнкам. Візыт доўжыўся каля трох-чатырох гадзін, падпісныя тры дамовы.

«Я жадаю ўдачы асабіста вам, спадар прэзыдэнт, вашаму народу, народу, які вас па-сапраўднаму любіць, сьведчаньнем чаму зьяўляюцца вынікі выбараў, якія перад вачамі ўсіх нас», — сказаў Сыльвіё Бэрлюсконі Аляксандру Лукашэнку пасьля завяршэньня двух раўндаў перамоваў.

Нагадаем, апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі прызнаныя Парлямэцкай асамблеяй Рады Эўропы недэмакратычнымі, а вынікі выбараў — сфальшаванымі.

Лукашэнка ў адказ заявіў, што Беларусь і Італія адкрылі новы этап партнэрства, «фундамэнтам якога зьяўляецца ўзаемапаважлівы, шчыры і зацікаўлены дыялёг кіраўніцтва дзьвюх краін».

Аднак такія палітычныя заявы хутчэй выключэньне. У цэлым гутарка Сыльвіё Бэрлюсконі і Аляксандра Лукашэнкі вялася ў прагматычным ключы. Па яе выніках урад Беларусі і італьянская кампанія «Фінмэканіка» падпісалі мэмарандум аб супрацоўніцтве ў сфэры транспарту, энэргетыкі , космасу, бясьпекі. Апрача таго ўрады падпісалі пагадненьне аб эканамічным супрацоўніцтве і аб супрацоўніцтве ў галіне вэтэрынарыі.

«Мы можам зрабіць у нашых адносінах нашмат, нашмат болей, заявіў Бэрлюсконі на пачатку сустрэчы. У прыватнасьці Італія магла б стварыць місію сваіх прадпрымальнікаў у Беларусі і магла б падзяліцца тэхналёгіямі хуткага домабудаўніцтва. Місію прадпрымальнікаў гатовы ўзначаліць сам Бэрлюсконі.

Аляксандар Лукашэнка ў адказ заявіў:

«Мы ўспрымаем прыезд кіраўніка ўраду Італіі як вельмі красамоўны жэст падтрымкі Беларусі на міжнароднай арэне». Паводле ягоных словаў, Італія стала для Беларусі значным палітычным і эканамічным, прычым «прывілеяваным» партнэрам.

Бэрлюсконі канстатаваў, што адносіны Італіі зь Беларусьсю знаходзяцца ніжэй плянкі існуючых магчымасьцяў, зазначыўшы, што ягоная краіна знаходзіцца толькі на 15-м месцы па інвэстыцыях у беларускую эканоміку.

«Дасягнутыя дамоўленасьці дазволяць італьянскім прадпрымальнікам зрабіць больш упэўненыя крокі ў Беларусі», — цытуе Бэрлюсконі «Інтэрфакс».

Асабліва ён падкрэсьліў дамоўленасьць беларускага ўрада з групай «Фінмэканіка» і прапанову Беларусі стварыць у Берасьці «італьянскую прамысловую акругу» для сумесных прадпрыемстваў, якія прадавалі б сваю прадукцыю на тэрыторыі Мытнага саюза Расеі, Беларусі і Казахстана.

Магчымасьць абмеркаваньня падчас візыту праблемаў палітычнай лібэралізацыі Беларусі яшчэ да прыезду Бэрлюсконі адхіліў Аляксандар Лукашэнка. Адказваючы на пытаньне журналіста італьянскай газэты La Stampa пра гарантыі ў пляне дэмакратызацыі, якія Беларусь магла б даць Сыльвіё Бэрлюсконі, Лукашэнка сказаў: «Ня думаю, што Сыльвіё едзе сюды па нейкія гарантыі дэмакратызацыі. Што да дэмакратыі, мы можам яшчэ зь сім-тым падзяліцца гэтым дарам».

Беларускае кіраўніцтва наўпрост выказала зацікаўленасьць перш за ўсё ў эканамічных праектах супрацы з Італіяй.

Па выніках 9 месяцаў гэтага году Італія знаходзілася на 7-м месцы паводле таваразвароту зь Беларусьсю, які склаў 612 мільёнаў даляраў. Беларускі экспарт у Італію сёлета істотна ўпаў з-за глябальнага крызісу.

Анатоль Лябедзька
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выказаў перакананьне, што Бэрлюсконі дэманструе ў Менску палітыку эўрапейскага прагматызму, а не эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Спадар Лябедзька раней меў магчымасьць асабіста сустрэцца і пагутарыць з Сыльвіё Бэрлюсконі і мае асабістае ўражаньне ад ягонай асобы:

«Бэрлюсконі — эпатажны палітык. Паводле чалавечых якасьцяў ён у чымсьці нават падобны на А. Лукашэнку, таксама схільны да палітычнага авантурызму. На мой погляд, так, да нас прыяжджае лідэр адной з краін Эўрапейскага Зьвязу, але палітык-бізнэсмэн. Для Бэрлюсконі ўсё зьяўляецца таварам, які мае свой кошт, у тым ліку і эўрапейскія каштоўнасьці».

Анатоль Лябедзька мяркуе, што ў Эўропе некаторыя палітыкі зацікаўленыя, каб хтосьці першы пратаптаў сьцяжынку ў менскі «Чырвоны дом».

Алесь Лагвінец
Прадстаўнік руху «За свабоду» Алесь Лагвінец назваў візыт Бэрлюсконі адлюстраваньнем таго дыялёгу, які Эўразьвяз спрабуе разьвіваць зь Беларусьсю і ў якім Італія стала ў першыя шэрагі.

«Пазыцыя прэм’ер-міністра Італіі цяпер ня самая моцная. Літаральна ад заўтра яго чакаюць вялікія праблемы ў сваёй краіне, гэта тычыцца як ягонай маёмасьці, гэтак і ягоных стасункаў з прэсай, абвінавачваньнямі ў карупцыі... Цяжка казаць, што візыт італьянскага прэм’ера зможа істотна паўплываць на сытуацыю з правамі чалавека і палітычную лібэралізацыю ў Беларусі. Паводле заяваў як міністра замежных спраў Італіі, так і самога Бэрлюсконі, гэтыя пытаньні для іх не зьяўляюцца першачарговымі».

Андрэй Фёдараў
Палітоляг Андрэй Фёдараў ня лічыць візыт Бэрлюсконі нейкім прарывам у адносінах Беларусі і Захаду.

«Эўразьвяз — гэта ня тая арганізацыя, у якой адзін чалавек, нават лідэр такой уплывовай краіны, як Італія, можа прымаць нейкія рашэньні. Тым больш мы ведаем што Бэрлюсконі — даволі экстравагантны чалавек, і ў ягонай краіне ў яго ёсьць пэўныя праблемы, зьвязаныя з гэтым. Такім чынам, я думаю, што прынцыпова ў адносінах з Эўразьвязам гэта нічога ня зьменіць. Іншая справа, што, магчыма, у двухбаковых адносінах могуць зьявіцца больш-менш значныя дасягненьні».

Андрэй Фёдараў нагадаў, што пасьля візыту прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана ў Менск у студзені 1994 году тут не было лідэраў краінаў Захаду. Спадар Фёдараў мяркуе, што ня варта чакаць, што пасьля прыезду Бэрлюсконі іншыя заходнія лідэры ўключаць Менск у свае пляны паездак. Астатнія будуць больш асьцярожнымі. Тое, што санкцыі ЭЗ былі прадоўжаныя, сьведчыць, што Эўропа насьцярожана ставіцца да падзеяў, якія тут адбываюцца.