Статкевіч: Гэта зроблена для Эўропы

Мікола Статкевіч

Старшыня арганізацыйнага камітэту дзеля стварэньня Сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» камэнтуе зьмены ў выбарчае заканадаўства.
Мікола Статкевіч:

«Усё гэта зроблена для Эўропы. Але зроблена так, каб не мяняць сутнасьць беларускай выбарчай сыстэмы, якая носіць імітацыйны характар. Нават ня зроблена спроба ўвагнаць у законныя рамкі тое, што ў нас адбываецца.

А адбываюцца фальшаваньні пратаколаў. Выбарчыя камісіі фармуюцца, як і фармаваліся, выканаўчай уладай — гэта значыць тымі, каго прызначыў Лукашэнка. Назіральнікі, як і раней, ня маюць права на падлік галасоў. Захоўваецца тое, што было раней. Толькі некалькі новых імітацыйных дзеяньняў.

І ня ўсе зь іх на карысьць дэмакратыі. Прыкладам, фінансавыя фонды ставяць апазыцыйных кандыдатаў, якія змагаюцца ня супраць уладных кандыдатаў, а супраць дзяржавы, у яшчэ больш няроўныя ўмовы. Бо мы, апазыцыйныя кандыдаты, ня можам напоўніць гэтыя фонды. А ў фонды праўладных кандыдатаў будуць прымушаць зграбаць грошы тых жа ўладных прадпрымальнікаў пад пагрозай эканамічных рэпрэсіяў. Так што, па сутнасьці, нават ня сталі рабіць выгляд, што ідзе нейкая дэмакратызацыя».