Садам Хусэйн плянаваў тэракт супраць Радыё Свабода

Будынак, дзе РС/РСЭ разьмяшчалася ў 1995-2009 гг.

Былы ірацкі дыктатар Садам Хусэйн плянаваў тэрарыстычны напад на сядзібу Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа ў будынку колішняга фэдэральнага парлямэнту ў Празе.
Мэтай нападу было спыніць працу ірацкай службы радыё, якая крытыкавала ягоны рэжым. Са спасылкай на інфармацыю Інфармацыйнай службы бясьпекі (BIS - чэская спэцслужба) пра гэта паведаміў незалежны чэскі тэлеканал Nova.

Чэская цывільная контарвыведка, паводле тэлеканалу, у 1999 годзе пачала сачыць за агентамі ірацкай сакрэтнай службы DGI з дыпляматычнымі пашпартамі. BIS мела інфармацыю, што яны рыхтуюць тэрарыстычны напад на будынак Радыё Свабодная Эўропа на Вацлаўскай плошчы ў цэнтры Прагі.

Чалавек з BIS тады пранік у саму ірацкую амбасаду. Контарвыведка з часам выявіла, што напад мае адбыцца з акна кватэры мэтраў за 80 ад будынку радыё, а DGI мела пляны наняць гэтую кватэру. Напад меўся распачацца стрэлам з гранатамёта РПГ-7, а загад аб нападзе выдаў сам ірацкі дыктатар.

Як высьветліў тэлеканал Nova, апрача гранатамёта тэрарысты падрыхтавалі як найменей шэсьць аўтаматаў, 11 пісталетаў і дзьве тысячы патронаў. Зброю агенты ўвезьлі ў Чэхію ў дыпляматычным транспарце.

Хусэйн хацеў канчаткова спыніць працу радыё. “Ён даў сваім спэцслужбам загад гвалтоўна спыніць перадаваньне ірацкіх праграмаў Радыё Свабодная Эўропа. На гэтую апэрацыю ён выдзеліў значныя фінансавыя сродкі”, - сказаў у інтэрвію тэлеканалу Nova прэсавы сакратар BIS Ян Шубэрт.

Службе BIS удалося выявіць і прадухіліць напад. У выніку гэтага іракцы ў сваёй амбасадзе ў 2003 годзе добраахвотна здалі зброю, якую зьбіраліся ўжыць. Менавіта ў мэтах бясьпекі празь некалькі месяцаў пасьля гэтага перад будынкам радыё зьявіліся бронетранспартэры.

Рэжым Садама Хусэйна быў скінуты пры ўмяшаньні замежных войскаў на чале з ЗША ў 2003 годзе. У ваеннай апэрацыі на баку ЗША выступіла 49 краінаў сьвету. Пазьней Хусэйн быў затрыманы. У 2006 годзе ён быў асуджаны на сьмерць і ў тым самым годзе павешаны.

Радыёстанцыя разьмяшчалася ў будынку былога фэдэральнага парлямэнту Чэхаславаччыны ад 1995 году. Сёлета ў чэрвені будынак пераняў Нацыянальны музэй. Радыё ў траўні пераехала ў новы будынак.



Жоўтым крыжыкам пазначана месца, зь якога плянаваўся напад.

Даведка. Гранатамёт РПГ -7 быў распрацаваны ў 1961 годзе ў Савецкім Саюзе, па сёньняшні дзень лічыцца найбольш эфэктоўнай зброяй супраць браніраванай тэхнікі і знаходзіцца ў вайсковым арсэнале больш як паўсотні краінаў. Камулятыўна снарад, выпушчаны з РПГ-7, прабівае танкавую браню на адлегласьці 300 мэтраў, пры гэтым ўшчэнт выпальвае ўнутраную прастору, не пакідаючы экіпажу шанцаў на выжываньне.