Дырэктарат будзе зарабляць больш. А астатнія?

Леанід Злотнікаў

З 1 студзеня мае ўступіць у сілу пастанова, якая, на думку ўраду, скарачае адміністратыўны кантроль за заробкам кіраўнікоў прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці. У прыватнасьці, пастановай прадугледжваецца парадак усталяваньня падвышанага каэфіцыенту (звыш 5,0) для кіраўнікоў арганізацыяў прыватнай формы ўласнасьці, якія не ўваходзяць у сыстэму міністэрстваў, а таксама для кіраўнікоў банкаў. Ці можна назваць гэтае рашэньне крокам у бок лібэралізацыі эканомікі? Чаму разьнявольваюць заробак кіраўнікам, але не шараговым працаўнікам? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.
Цыганкоў: Ці можна назваць гэтае рашэньне крокам у бок лібэралізацыі эканомікі? Цікава, што ў ЗША апошні год змагаюцца з надта вялікімі заробкамі найвышэйшых мэнэджэраў, а ў Беларусі гэтыя заробкі вызваляюць..

Злотнікаў: Гэта мае мала адносінаў да лібэралізацыі. Калі прадпрыемства дзяржаўнае, хай дзяржава і ўстанаўлівае заробкі гэтым кіраўнікам. А калі гэта прыватная ўласнасьць, то хай уласьнікі вырашаюць, колькі трэба плаціць мэнэджэрам.

У рынкавай эканоміцы высьвятляецца, што ў мэнэджэраў таксама ёсьць талент. Пры аднолькавай адукацыі розныя кіраўнікі дасягаюць розных вынікаў, таму ўласьнікі могуць плаціць добрым мэнэджэрам і вышэйшыя заробкі, можа большыя ў 20 разоў. Але тыя мэнэджэры, якія правалілі прадпрыемства, ужо страцілі аўтарытэт і на рынку працы каштуюць значна ніжэй. Таму даходы мэнэджэраў залежаць не ад сярэдніх заробкаў на прадпрыемстве, а ад іншых вынікаў

Цыганкоў: Дзяржава пачала зь вялікіх кіраўнікоў, але чаму няма крокаў па зьмене ўсяго мэханізму налічэньня заробку ў беларускай эканоміцы?

Злотнікаў:
Ён разумее, што гэтыя людзі мусяць зарабляць больш, калі яны добра працуюць. Альбо іх проста тут ня будзе.
Так гэта пакуль ня крок да рынкавых адносінаў. Гэта крок да павышэньня даходаў дырэктарату. Бо яны зараз ня вельмі хочуць працаваць у існуючых умовах. Лукашэнку вельмі цяжка знайсьці добрых дырэктараў, шмат хто зь іх зьехаў у Расею. Таму ён разумее, што гэтыя людзі мусяць зарабляць больш, калі яны добра працуюць. Альбо іх проста тут ня будзе.

Цыганкоў: Але тарыфная сетка, якая ўсталёўвае даволі жорсткія правілы фармаваньня заробку, застаецца… Ніхто мяняць яе нібыта не зьбіраецца.

Злотнікаў: Такія намеры былі. З пачатку году, калі абвясьцілі плян мерапрыемстваў па лібэралізацыі эканомікі, там плянавалася адмяніць тарыфную сетку. Зараз кажуць, што яе могуць не прымяняць на прадпрыемствах прыватнай уласнасьці, але пакуль рашэньня няма.

Супраціўляецца гэтаму і перамагае пакуль беларуская бюракратыя. Напрыклад, Міністэрства працы разумее, колькі яны страцяць уплыву на эканоміку і ў сваім уласным становішчы, калі ня будзе гэтай сеткі і прадпрыемствы бязь іх будуць абыходзіцца. Таму бюракратыя супраціўляецца.