Старога кварталу Каралін у Пінску ня будзе

У цэнтральнай частцы гораду зьнікне цэлы квартал гарадзкой забудовы канца XIX — пачатку XX стагодзьдзя, паведамляе газэта “Вечерний Брест”.

Група пінчукоў накіравала ў Міністэрства культуры ліст, у якім прасіла абараніць ад разбурэньня квартал жылой забудовы, які зьяўляецца часткай габрэйскага прадмесьця Каралін і пакінуў значны сьлед у гісторыі Пінска.

Аднак Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве культуры прыняла рашэньне: “Лічыць немэтазгодным наданьне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці кварталу Каралін, абмежаванаму вуліцамі Іркуцка-Пінскай Дывізіі, Насырава, Кулікова, Альхоўскіх у Пінску”.

Краязнаўцы заяўляюць, што страціўшы цэлы квартал адна- і двухпавярховых дамкоў, гістарычнае асяроддзьдзе цэнтральнага раёну гораду несумненна зьбяднее.

Плянуецца, што на месцы зьнесенага жылога квартала зьявіцца студэнцкі гарадок Палескага дзяржуніверсітэту. Межы студгарадка яшчэ некалькі гадоў таму зацьвердзіў прэзыдэнт краіны.