Да праўды праз сьцены

Джэфhs Гедмін

Бэрлінскі мур стаўся вызначальным сымбалем супрацьстаяньня ў “халоднай вайне”, піша Джэфры Гедмін, прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, ў артыкуле, надрукаваным у выданьні “USA Today”.

Спачатку як студэнту, потым як настаўніку сярэдняй школы, а яшчэ пазьней як дактаранту мне выпала разоў з дваццаць зьезьдзіць за “жалезную заслону” у дзесяцігодзьдзі перад падзеньнем Бэрлінскага муру 9 лістапада 1989. Нягледзячы на тое, куды я заехаў, адна справа заўсёды выдзялялася зь іншых. Усюды адчувалася патрэба ў незалежных і надзейных навінах і інфармацыі. Усе, каго я сустрэў, грэбавалі дзяржаўнай прапагандай.

З гэтага засталіся ўрокі для прасоўваньня правоў чалавека і дэмакратыі і на сёньня.

Бэрлінскі мур стаўся вызначальным сымбалем супрацьстаяньня ў “халоднай вайне”. Бэтонныя загароды, калючы дрот, вышкі з вартавымі і патрулі з сабакамі праходзілі праз сэрца Бэрліну. Але гэты трагічны помнік тыраніі — якая абвалілася 20 гадоў таму — быў таксама моцным напамінам для свабодных людзей на Захадзе пра дзясяткі мільёнаў паняволеных камуністычнай дыктатурай на Ўсходзе. Іх адзінай надзеяй было тое, што мы, жывучы ў свабодных грамадзтвах, успрымаем як належнае: доступ да праўды.

У 1980-я сьвет усё яшчэ ня меў доступу да Інтэрнэту і не карыстаўся сотавымі тэлефонамі. Камуністычныя партыі былі ў змозе трымаць сродкі масавай інфармацыі пад жорсткім кантролем. У Румыніі нават пішучыя машынкі рэгістраваліся міліцыяй. Немцы з ГДР таксама жылі ў рэпрэсіўнай дзяржаве, але ім пашчасьціла жыць побач з Заходняй Нямеччынай. Таму шмат хто зь іх мог глядзець заходненямецкую тэлевізію. Але тыя, якія жылі ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны, былі задалёка, каб лавіць заходні тэлевізійны сыгнал. Яны знаходзілся ў “пойме няцямлівых” (Tal der Ahnungslosen), як тады гаварылася пра даліну Эльбы ў той частцы краіны.

Інфармацыйны паток


Насамрэч я рэдка сустракаў няцямлівых грамадзянаў у савецкім блёку. Прага праўды вяла да вынаходлівасьці. У Савецкім Саюзе пашыраўся падпольны друк. Малады актывіст прафсаюзу “Салідарнасьць” у Польшчы распавядаў мне некалі, як улады канфіскавалі ягоны друкарскі станок. На шчасьце, ён быў застрахаваны. У Польшчы на чорным рынку можна было купіць страхоўку і на такія рэчы.

Радыё Свабодная Эўропа таксама мела свой удзел у падтрымцы інфармацыйных патокаў. Заснаванае ЦРУ ў 1950 годзе, а пазьней адкрыта фінансаванае Кангрэсам ЗША, вяшчаньне Радыё Свабодная Свабода — як і вяшчаньне сястрынай станцыі, Радыё Свабода —даносіла да мільёнаў людзей у камуністычных краінах навіны і інфармацыю пра тое, што адбывалася ўнутры гэтых краінаў і што ўрады хацелі ад людзей схаваць.

Сёлетняя ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры, раманістка Герта Мюлер, якую нядаўна запыталі, ці слухала яна Радыё Свабодная Эўропа, калі падрастала ў камуністычнай Румыніі, адказала: “Некалькі разоў штодня, а тыя, што ня слухалі, былі ідыётамі”.

Само Радыё Свабодная Эўропа было намінаванае да Нобэлеўскай прэміі за мір у 1991 годзе. Знакавыя змагары за свабоду, такія як Вацлаў Гавэл, дысыдэнт, які ў 1989 годзе стаў прэзыдэнтам свабоднай Чэхаславаччыны, і Лех Валэнса, лідэр польскага прафсаюзу “Салідарнасьць”, сьцьвярджаюць, што абодва заўдзячваюць Радыё Свабодная Эўропа інтэлектуальную падтрымку і маральную салідарнасьць у камуністычную эпоху.

Дакладная інфармацыя, якая заслугоўвае даверу, зьяўляецца кіслародам для любога грамадзтва. З часам наступіў агромністы прагрэс у паляпшэньні патоку інфармацыі. Савецкай імпэрыі даўно ўжо няма. Па ўсім сьвеце тэкставыя паведамленьні, Twitter, Facebook і тое, што ўжо можна назваць старой добрай электроннай поштай, адкрылі грамадзтвы і далі грамадзянам магчымасьці, якіх яны ня мелі ніколі раней.

Адначасна, аднак, сучасныя аўтарытарныя дзяржавы, такія як Кітай, Расея і Іран, выкарыстоўваюць найноўшыя тэхналёгіі, каб заблякаваць, заглушыць або перакруціць праўду. Досьлед, апублікаваны сёлета арганізацыяй падтрымкі правоў чалавека Freedom House, супольна з Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода і Радыё Свабодная Азія, сьцьвярджае, што аўтарытарныя рэжымы супрацоўнічаюць у беспрэцэдэнтны спосаб, калі справа датычыць практыкі і тэорыі здушэньня дэмакратычных памкненьняў сярод іх грамадзян.

Ня бойцеся гаварыць, падтрымлівайце дысыдэнтаў


Існуюць адказы на новую хвалю рэпрэсіяў, і некаторыя зь іх можна знайсьці ва ўроках “халоднай вайны”.

Па-першае, кажыце праўду ўладам у сталіцах аўтарытарных краінаў. Тыя з нас, якія пераконваюць, што дэмакратыя і правы чалавека мусяць адыгрываць важную ролю ў замежнай палітыцы ЗША, не забываюць і пра іншыя інтарэсы (нафту, напрыклад). Але выдыганьне перад дыктатарамі здраджвае нашым каштоўнасьцям і ніколі не аплочваецца ў далейшай пэрспэктыве.

Па-другое, падтрымлівайце бясстрашных дысыдэнтаў, якія рызыкуюць сваім жыцьцём у змаганьні за свабоду. Яны зяўляюцца маральнымі лідэрамі сёньняшняга дня. Часам яны стаюцца палітычнымі лідэрамі заўтрашняга дня.

І апошняе: Не забывайце, што свабодныя СМІ робяць сваю справу. Чым больш адказная дыскусія і больш сумленная інфармацыя , да якой мы можам заахвоціць і якую можам данесьці да людзей у несвабодных грамадзтвах, тым лепш.

Гэта было самай істотнай часткай стратэгіі, якая дапамагла скрышыць Бэрлінскі мур. Гэта можа дапамагчы скрышыць іншыя муры, якія стаўляюць тыраны сёньняшняга дня.