Эўразьвяз будзе мець прэзыдэнта

Прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс пасьля падпісаньня Лісабонскай дамовы

Сёньня прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс падпісаў Лісабонскую дамову, якая акрэслівае новыя правілы прыманьня рашэньняў у Эўразьвязе. Подпіс Клаўса закончыў працэс ратыфікацыі Лісабонскай дамовы ўсімі 27 краінамі-сябрамі Эўразьвязу.

Сама Лісабонская дамова зьяўляецца ня тэкстам "канстытуцыі Эўразьвязу", якую можна працытаваць разьдзел за разьдзелам, а юрыдычна-тэхнічным дакумэнтам, які ўносіць папраўкі да двух папярэдніх асноватворных дакумэнтаў Эўразьвязу: "Дамовы аб Эўразьвязе" (Мастрыхт, 1992) і "Дамовы аб утварэньні Эўрапейскай супольнасьці (Рым, 1957).

Найважнейшыя папраўкі Лісабонскай дамовы датычаць новай працэдуры галасаваньня ў Радзе Эўразьвязу, большых заканадаўчых паўнамоцтваў для Эўрапейскага парлямэнту, утварэньне пасады прэзыдэнта Эўрапейскай Рады ("прэзыдэнта Эўразьвязу") і пасады высокага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бясьпекі Эўразьвязу ("міністра замежных справаў Эўразьвязу") ды наданьне гэтак званай Хартыі асноўных правоў статусу закону ў Эўразьвязе.

Ад лістапада 2014 году найважнейшыя пастановы Эўразьвязу будуць прымацца ў Радзе Эўразьвязу ("кабінэце міністраў Эўразьвязу") галасаваньнем з гэтак званай "падвойнай большасьцю" — трэба будзе, каб за пастанову выказаліся 55% плюс адна краіна Эўразьвязу (цяпер гэты лік роўны 16), і каб у гэтых краінах жыло ня менш чым 65% адсоткаў насельніцтва Эўразвязу. Гэты прынцып "падвойнай большасьці" дае выразную перавагу краінам зь вялікай колькасьцю насельніцтва, як, напрыклад, Вялікабрытанія, Францыя і Нямеччына (ацэньваецца, што ў Эўразьвязе цяпер каля 500 мільёнаў чалавек, а ў гэтых трох краінах — 210 мільёнаў).

Тры краіны-сябры Эўразьвязу — Вялікабрытанія, Польшча і Чэхія — дабіліся для сябе выключэньня з падпісаньня Хартыі асноўных правоў. Польшча і Чэхія дабіваліся гэтага выключэньня, каб прадухіліць судовыя дамаганьні звароту нацыяналізванай маёмасьці нашчадкамі немцаў, якія былі прымусова выселеныя з тэрыторыяў гэтых краінаў пасьля ІІ сусьветнай вайны, перад Эўрапейскім судом справядлівасьці ў Люксэмбургу.

Прагназуецца, што ў найбліжэйшым часе будзе выбраны прэзыдэнт Рады Эўропы, якога галоўным заданьнем будзе кіраваньне працай Рады, складаньне справаздачаў Эўрапейскаму парлямэнту і прадстаўляньне Эўразьвязу ў замежных кантактах. Найбольшыя шанцы атрымаць гэтую пасаду, паводле экспэртаў, маюць былы брытанскі прэм’ер-міністар Тоні Блэр, нідэрляндзкі прэм’ер-міністар Ян Пэтэр Бальканэндэ, былы фінскі прэм’ер-міністар Паава Ліпанэн і прэм’ер-міністар Люксэмбургу Жан-Клёд Юнкер.