Гандлёвы абарот з Расеяй і Украінай рэкордна скараціўся

Аб’ём тавараабароту Беларусі з Расеяй і Украінай скараціўся на 40 адсоткаў і за дзевяць месяцаў (са студзеня па верасень) і склаў 35 мільярдаў даляраў, гэта 61 адсотак ад аналягічнага леташняга пэрыяду.
У прыватнасьці, аб’ём гандлю з Расеяй склаў 59, 5, з Украінай – 51,4 адсоткі. Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю ў гэтым годзе– 5 мільярдаў даляраў.

Эканаміст Барыс Жаліба называе такое скарачэньне гандлёвага абароту з Расеяй і Украінай рэкордным і лічыць, што “гэта зьвязана з усясьветным крызысам і яго ўплывам на эканоміку Беларусі, Расеі і Ўкраіны, на зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці і расейскага рынку, і украінскага. Пакуль што ўрады ніводнай з гэтых краінаў нічога зрабіць ня могуць. Хаця нешто ў накірунку зьмяншэньня ўплыву крызысу ўрад робіць (наколькі гэта атрымліваецца -- іншая справа)”.

Барыс Жаліба адзначае, што ў такіх умовах Менск пачынае больш актыўна шукаць рынкі збыту ў Эўропе: “ Заўважце, што галоўны крэдытор у нас сёньня -- не расейскі ўра, а МВФ. Беларусь уступіла ва Усходняе партнэрства. Ёсьць пэўная арыентацыя на заходнія рынкі. На маю думку, Захад, які першы пагрузіўся ў гэты крызыс, на чале з ЗША, першы зь яго і выйдзе. І там можна чакаць нейкіх зрухаў у бок адкрыцьця рынкаў, падаражаньня нафты і газу, што будзе выгодна Расеі і Беларусі. Хаця ў бліжэйшы час асноўным рынкам для беларускага экспарту будзе заставацца расейскі. Але шукаць трэба пакупнікоў паўсюль, праводзіць шматвэктарную палітыку”.