Мін’юст не зарэгістраваў партыю Бухвостава

Аляксандар Бухвостаў (зьлева) на мітынгу прафсаюзаў у парку 50-годзьдзя Кастрычніка.

Фактычная колькасьць заснавальнікаў Беларускай партыі працоўных (БПП) меншая за мінімальна неабходную (1000 чалавек) для стварэньня палітычнай партыі.
Менавіта гэта стала падставай для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі. Пра гэта сёньня паведаміла прэсавая служба міністэрства юстыцыі краіны. Да таго ж Мін’юст «дакладна выявіў шматлікія парушэньні пры вылучэньні дэлегатаў на ўстаноўчы зьезд».

Аляксандар Бухвостаў — кіраўнік ствараемай партыі сказаў «Свабодзе», што пакуль афіцыйнага ліста зь міністэрства юстыцыі ён ня бачыў: «Калі атрымаем афіцыйны дакумэнт, будзем абмяркоўваць, што рабіць далей».

Згодна зь дзейным беларускім заканадаўствам адмову ў рэгістрацыі можна абскардзіць цягам аднаго месяца ў Вярхоўным судзе.