“Вугоршчына ня можа сабе дазволіць столькі лядовых палацаў”

Фэрэнц Контра

На думку Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Вугорскай Рэспублікі ў Беларусі Фэрэнца Контры, стасункам Беларусі і Эўразьвязу перашкаджае ровень недаверу.

Сёньня на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай нацыянальнаму сьвяту Вугорскай Рэспублікі, амбасадар Фэрэнц Контра заявіў:

“На жаль, у нашых краінах пакуль ня склалася ўражаньня, каб словы і дзеяньні беларускага кіраўніцтва заўсёды супадалі. Я прывяду прыклад. На саміце ў Празе па “Ўсходнім партнэрстве” прадстаўнік Беларусі пагадзіўся з дэклярацыяй, дзе гаворыцца пра тое, што аснова супрацоўніцтва — гэта агульныя каштоўнасьці, дзе гаворыцца пра неабходнасьць падвышэньня ў краінах-партнэрах роўню дэмакратыі, свабоды слова, свабоды друку, свабоды палітычных партый. Але калі я бачу па тэлебачаньні, што на Кастрычніцкай плошчы даволі часта зьбіваюць маладых людзей, падкрэсьлю — мірных дэманстрантаў, то ўзьнікаюць пытаньні: што браць пад увагу — словы ці тое, што паказваюць тэлекамэры? Калі людзі ў цывільным закрываюць камэры — відаць, ім нязручна, каб гэтыя камэры там былі. Калі журналістам перашкаджаюць выконваць свае прафэсійныя абавязкі... Атрымліваецца, што гэтыя людзі не зацікаўленыя ў тым, каб паміж нашымі краінамі было добрае супрацоўніцтва. Вось што перашкаджае супрацы ў палітычным пляне”.

Амбасадар Вугоршчыны падкрэсьліў, што дыпляматычнае прадстаўніцтва яго краіны ў Беларусі адкрыта да кантактаў як з прадстаўнікамі беларускага кіраўніцтва, так і з прадстаўнікамі апазыцыі, грамадзкай супольнасьці. Але ўзаемнасьць адчуваецца не заўсёды:

“Некаторыя прадстаўнікі ўлады не заўсёды ідуць на кантакт. Я магу папрасіць аб сустрэчы некаторага міністра, але ён занадта заняты. Папрашу яшчэ раз — яшчэ раз заняты. Ну... Навязвацца ня буду. Я размаўляю з тымі людзьмі, якія з задавальненьнем ідуць на кантакт, зь якімі ёсьць агульная тэма для размовы”.

Пэрспэктывы эканамічнага супрацоўніцтва выглядаюць ня вельмі аптымістычна, зазначыў Фэрэнц Контра:

“У Вугоршчыне пакуль што мы не знайшлі інвэстараў, якія б былі гатовыя будаваць у Беларусі спартыўныя комплексы. Я зайздрошчу вам, што ў пэрыяд крызісу ў Беларусі будуецца столькі спартовых комплексаў. Вугоршчына ня можа сабе гэтага дазволіць”.

Ёсьць і выпадкі, якія нэгатыўна ўплываюць на імідж Беларусі ў вачох вугорскіх бізнэсоўцаў:

“Без канкрэтыкі я магу прывесьці прыклад: адна беларуская фірма вінная чвэрць мільёна даляраў вугорскай кампаніі, і чамусьці гэтыя грошы не ідуць пакуль. Гэта моцна падрывае аўтарытэт Беларусі, таму што без наступстваў, вядома, гэткія рэчы не застануцца”.