Альгерда Невяроўскага пахаваюць заўтра

Пахаваньне журналіста Альгерда Невяроўскага адбудзецца 20 кастрычніка на могілках у Калодзішчах.
БелаПАН інфармуе, што разьвітальная працэсія выправіцца а 12-й гадзіне ад дома ў Мінску, дзе жыў журналіст (вуліца Каліноўскага, дом 40, кватэра 16).

Альгерд Невяроўскі памёр у Беластоку на 41-м годзе жыцьця. 18 верасьня ён быў шпіталізаваны з інфарктам і з таго часу знаходзіўся ў коме. 1 кастрычніка была зафіксаваная сьмерць ад спыненьня сардэчнай дзейнасьці.

У журналіста засталіся двое дзяцей: 14-гадовая дачка Івона і 13-гадовы сын Чэслаў.

Цела Альгерда Невяроўскага крэміравалі 7 кастрычніка ў Варшаве.

Больш за 10 гадоў, пачынаючы ад 1995 году і па 2007, ён быў карэспандэнтам Радыё Свабода ў Менску.