Беларускамоўная перадача не ўпісалася ў эфірную палітыку

Сьледам за спробай “Эўрапейскага радыё для Беларусі” пусьціць беларускія карані на хвалях “Аўтарадыё” скасаваны іншы беларускамоўны праект — “Новая зямля” на Радыё “Unistar”.
Аўтарская перадача Віктара Сямашкі выходзіла на хвалях 99,5 FM ад 2005 году і была адзінай беларускамоўнай перадачай у эфірнай сетцы згаданай радыёстанцыі. Як паведамляе сайт Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, зьняць праграму з эфіру вырашыла кіраўніцтва радыё.

За чатыры гады існаваньня “Новай зямлі” выйшла блізу 200 выпускаў, прысьвечаных беларускай альтэрнатыўнай культуры. Яе аўтар Віктар Сямашка кажа, што тэмай бліжэйшай перадачы мусіла стаць трасянка: “Хацеў зрабіць праграму ў гумарыстычным рэчышчы, распавесьці, колькі людзей карыстаюцца ў нас беларускай мовай, а колькі — трасянкай, паставіць адпаведныя песьні”. Але кіраўніцтва станцыі паведаміла вядучаму, што праграма здымаецца ў сувязі са зьменай эфірнай палітыкі.

Паказальна, што гэтае рашэньне супала з папярэджаньнем, што пры канцы верасьня вынесла Міністэрства інфармацыі іншай беларускай радыёстанцыі — “Аўтарадыё”. У тым выпадку фармулёўкай было “невыкананьне творчай канцэпцыі вяшчаньня”. Перад гэтым чыноўнікі цікавіліся праграмай “ЭўраZOOM” “Эўрапейскага радыё для Беларусі”, што ў рамках супольнага праекту выходзіла на хвалях “Аўтарадыё”.