Каго беларусы лічаць сваёй элітай?

Дзьмітры Шыла

Такую тэму папрасіў дасьледаваць грамадзкі рэдактар Свабоды на гэтым тыдні Дзьмітры Шыла, супрацоўнік Хрысьціянскага Адукацыйнага Цэнтру імя Сьвятых Мяфодзія і Кірыла.

Палітолягі, сацыёлягі, культуролягі ў адзін голас сьцьвярджаюць: вызначыць, што такое “эліта” і ступень яе ўплыву на грамадзтва практычна немагчыма. Тым больш складана весьці размову пра беларускую эліту, кажа палітоляг Андрэй Казакевіч, аўтар дасьледаваньня “Чатыры карпарацыі беларускай эліты”:

“Пераважна, калі людзі кажуць “эліта”, то маюць на ўвазе альбо тых людзей, якія чаго-небудзь дасягнулі, якія маюць высокі сацыяльны
У нашай сытуацыі гэта пераважна тыя людзі, якія моцна зьвязаныя з дзяржавай.
статус, фінансы. Гэта такое першае разуменьне. А другое – калі маецца на ўвазе палітычная эліта, людзі, якія могуць уплываць на прыняцьце палітычных рашэньняў. У беларускім кантэксьце, у адрозьненьне ад многіх іншых краінаў Эўропы, гэтыя два паняткі ня вельмі адрозьніваюцца. Для нас эліта – гэта перш за ўсё людзі, якія маюць уладу і, адпаведна, маюць нейкія стасункі з дзяржаўным апаратам. Альбо якія маюць фінансы. Але ў нашай сытуацыі гэта пераважна тыя людзі, якія моцна зьвязаныя з дзяржавай”.

Філёзаф Алесь Анціпенка таксама падкрэсьлівае, што ў Беларусі спэцыфічнае ўяўленьне пра эліту. Гэта часьцяком не гонар, розум нацыі, не інтэлігенцыя, выбітныя дзеячы культуры, навукі, слынныя пісьменьнікі, выдатныя спартоўцы, а намэнклятура, афіцыйныя асобы:

“Можна казаць пра афіцыйныя эліты. Гэта перадусім, намэнклятура, сёньняшні афіцыйны бамонд, як палітычны, так і непалітычны. Безумоўна, ёсьць прамысловая эліта. То бок фактычна гэта тая частка грамадзтва, якая фармулюе палітычны парадак дня ў краіне і ажыцьцяўляе рэальны мэнэджмэнт, рэальнае кіраваньне самымі рознымі працэсамі”.


Неўплывовая эліта?


Аляксандар Вайтовіч -- былы прэзыдэнт Акадэміі навук, былы старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу, акадэмік, прафэсар, доктар фізыка-матэматычных навук, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, кавалер ордэна Францыска Скарыны... І пералік яго тытулаў, званьняў можна працягваць. Аляксандар Вайтовіч адзначыў два асноўныя чыньнікі, па якіх вызначаецца прыналежнасьць чалавека да эліты:

“Той, хто адпавядае патрабаваньням: прафэсіянал высокай клясы ў сваёй галіне; вядомы чалавек, які хоча шмат зрабіць для краіны. На
Не заўсёды гэтыя жаданьні можна рэалізаваць, калі яны разыходзяцца з ўсталяванай ідэалёгіяй.
жаль, цяпер такі час наступіў, што не заўсёды гэтыя жаданьні можна рэалізаваць, калі яны разыходзяцца з ўсталяванай ідэалёгіяй і сыстэмай...”

Ёсьць розныя мадэлі таго, якім чынам людзі, ня ўключаныя ў палітыку, ня ўключаныя ў бізнэс, істотна могуць паўплываць на тое, што адбываецца ў дзяржаве. У ісламскіх краінах, да прыкладу, вялікі ўплыў мае рэлігійная эліта. У эўрапейскіх краінах – дзеячы мастацтва, навукоўцы, спартоўцы, нават журналісты могуць істотна паўплываць на кірунак, куды рухаецца дзяржава, кажа палітоляг Андрэй Казакевіч. Але і тут у Беларусі свая спэцыфіка:

“У Беларусі, канечне, гэты ўплыў зьяўляецца нязначным. Дынаміка нельга сказаць, што нэгатыўная. Але гэта такая ўстойліва (можа, такое дрэннае слова) маргіналізаваная група – культурная эліта – у сэнсе свайго ўплыву на нейкія сацыяльныя ці палітычныя працэсы”.


Няма царэўны-жабкі ў сваім балоце


Ужо некалькі гадоў запар у Беларусі вызначаюць “ТОП 50 самых прыгожых і пасьпяховых людзей”. Летась туды трапіла шмат
Ёсьць багацеі, ёсьць рабацягі. А эліты няма!
спартоўцаў – практычна усе прызёры Алімпіяды, топ-мадэлі, поп-выканаўцы, тэлевядучыя, уладальнікі Спа-цэнтраў і арт-галерэяў. Праўда, зь пераліку “самых-самых прыгожых і пасьпяховых” па прафэсіянальнай прыналежнасьці выбіваюцца два лекары (пэдыятар і кардыёхірург) і адвакат. Многія СМІ выйшлі тады са стракатымі загалоўкамі, кшталту “эліта нацыі”. Лідэр гурту “Нэйрадзюбэль” Аляксандар Кулінковіч вельмі зьедліва выказаўся, што, маўляў, ня трэба блытаць “бамонд” і “глямурную тусоўку” з элітай. На пытаньне – каго можна лічыць беларускай элітай – вядомы беларускі рок-музыка адказаў так:

“Нікога. Я думаю, нікога, бо ні аўтарытэтаў, ні эліты ў Беларусі няма. Ну, дзіўная мы такая нацыя, што ў нас няма нікога ні аўтарытэтнага, ні элітнага. Ёсьць багацеі, ёсьць рабацягі. А эліты няма! У нас такое маленькае балотца. Якая эліта можа быць у балоце?”

Карэспандэнтка: “А можа, хоць царэўна-жабка?”

“Вы ведаеце, не вырастае...”

Філёзаф Алесь Анціпенка кажа, што нельга не ўзгадаць яшчэ і контраэліты:

“Гэта сёньняшняя беларуская палітычная апазыцыя. Можна казаць пра інтэлектуальныя эліты, пра інтэлектуальныя контраэліты. Можна казаць пра культурніцкія эліты... Ну а звычайныя людзі проста выбіраюць, каго ім падтрымліваць: альбо падтрымліваць Машэрава, альбо Зянона Пазьняка”.

Назаву траіх, а яшчэ дваіх ці колькі не назаву, і будзе такая крыўда.
На пытаньне, ці ёсьць у Беларусі такія асобы, каго можна аднесьці да эліты, акадэмік, прафэсар, доктар, ляўрэат, надзвычай тытуляваны і заслужана паважаны Аляксандар Вайтовіч адказаў так:

“Канечне, ёсьць. У кожнага чалавека ёсьць паважаныя асобы, якіх ён цэніць і лічыць элітай. У мяне таксама ёсьць”.

Карэспандэнтка: “А можаце кагосьці назваць, ці гэта сакрэт?”

“Не, я ня буду называць. Бо назаву траіх, а яшчэ дваіх ці колькі не назаву, і будзе такая крыўда. Не, ня буду”.