Дзёньнікі з нацыянальнай сымболікай пад забаронай

Старшыня "Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны" Алег Трусаў просіць міністра адукацыі Аляксандра Радзькова забясьпечыць бесьперашкоднае карыстаньне беларускамоўнымі дзёньнікамі з малюнкамі помнікаў айчыннага дойлідзтва.
У лісьце ад 10 верасьня гаворыцца, што па ініцыятыве ТБМ Менская фабрыка каляровага друку Міністэрства інфармацыі для старэйшых клясаў агульнаадукацыйных школ другі год запар выдае дзёньнікі на дзяржаўнай беларускай мове, у афармленьні якіх выкарыстоўваюцца малюнкі помнікаў нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Улічваючы, што гэтыя маляўніча аформленыя дзёньнікі ў мінулым навучальным годзе карысталіся вялікім попытам, сёлета фабрыка ўтрая павялічыла іх наклад і давяла яго да 75 тысячаў асобнікаў.

Спадар Трусаў са шкадаваньнем адзначае, што кіраўніцтва некаторых школ не дазваляе дзецям карыстацца такімі дзёньнікамі, бо яны, паводле меркаваньня чыноўнікаў, перагружаныя нацыянальнай сымболікай.