Украінскія СМІ: Беларусы не даравалі Мілеўскаму

Арцём Мілеўскі

Першы трэнэр капітана кіеўскага “Дынама”, а цяпер і асноўнага форварда зборнай Украіны па футболе Арцёма Мілеўскага Мікалай Волкаў распавёў у інтэрвію ўкраінскім мэдыям, што гэтаму форварду, які ў юнацкія гады вырашыў прыняць украінскае грамадзянства, будзе вельмі цяжка падчас заўтрашняга матча ў Мінску паміж зборнымі Ўкраіны і Беларусі.

Трэба нагадаць, што Ўкраіна і Беларусь каля двух гадоў спрачаліся паміж сабой за Мілеўскага, далучыўшы да гэтай спрэчкі ФІФА. У выніку рашэньне прыняў сам футбаліст, які адмовіўся ад беларускага грамадзянства.

На думку менскага трэнэра Волкава, які, на думку ўкраінскіх журналістаў, у зьвязку з тым выпадкам займае цяпер вельмі сьціплую футбольную пасаду ў Беларусі, “менскія заўзятары на трыбунах стадыёну сустрэнуць Арцёма сьвістам”.

“… Бруду на яго выльюць нямала. На жаль, тут не даравалі яго выбару, і атмасфэра на стадыёне будзе напружанай”, — мяркуе трэнэр. Ён кажа, што перажывае за Арцёма, асабліва пасьля таго, як той няўдала згуляў супраць зборнай Беларусі ў Львове. Паводле Волкава, у кожнай гульні вялікую ролю адыгрывае псыхалягічны фактар. Арцём будзе нэрвавацца, бо зь менскіх трыбун яму давядзецца пачуць шмат крыўдных рэплік”.