“Як далей жыць старым пры такой пэнсіі?”

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 12 жніўня, сераду.

Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка заявіў пра пачатак рэвалюцыі ў сьвінагадоўлі і паабяцаў, што “з 2011 году мы будзем жыць, як у Эўропе”. Гэтая ды іншыя тэмы — у наступных тэлефанаваньнях слухачоў:

Валерый, Барысаў: “Прэзыдэнт кажа: на Беларусі ён будзе пашыраць сьвінагадоўлю. Яму трэба дадаць яшчэ: сьвінства зь ягонага боку ўжо ёсьць. Як далей старым людзям жыць? Іх пэнсія на адным месцы стаіць”.

Ціна: “Жылі не па сродках, кралі, завялі краіну ў тупік, людзей тых, хто ня краў — да ручкі. А дзе ж ваш хвалёны прэзыдэнт, таленавіты ўрад, чаму ня выведзе ўсенародна любімы прэзыдэнт краіну з тупіка, у які ён яе завёў? Вось і думайце, спадарства”.

Спадар: “Лукашэнка цяпер вырашыў вырабляць рапсавы алей. З гэтага алею ў Амэрыцы вырабляюць паліва, салярку, а Лукашэнка будзе карміць свой народ. Трэба вырабляць алей зь лёну, спадар Лукашэнка. Падумай, што ты робіш. Няхай сам Лукашэнка есьць гэты алей са сваімі сынамі”.

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар: “Праз Радыё Свабода хачу зьвярнуцца да палітоляга Падгола. Шаноўны спадар Падгол, ці гэта годна палітолягу расказваць плёткі, сабраныя на Камароўцы, і даносіць гэта ўсё слухачам “Свабоды”? Вы прыгожа намалявалі на перадачы Радыё Свабода, як Коля Лукашэнка скакаў на крэсьле ў камандным пункце кіраваньня, націскаў усе кнопкі, і калі б ракеты знаходзіліся ў шахце, то яны маглі б і паляцець. Па-першае, у Беларусі ніводнай такой ракетнай устаноўкі няма. І па-другое, вы што, побач знаходзіліся зь міністрам абароны, прэзыдэнтам, калі гэты Коля скакаў на крэсьле і націскаў усе кнопкі? Ці гэта нехта вам данёс гэтую гісторыю, як журналісты кажуць, з дакладных крыніц? Непрыгожа падманваць нас, радыёслухачоў. Дзякуй”.

Адказвае Ўладзімер Падгол:

На фота: Уладзімер Падгол
“Трэба пачаць тады з пытаньня, а хто мама Колі? Усё, што зьвязана з прыватным жыцьцём прэзыдэнта, гэта нейкая дзіўная таямніца. Адпаведна ўзьнікае вельмі вялікая цікавасьць: а што ж там яшчэ адбываецца, да прыкладу, на мінулагодніх вайсковых вучэньнях? І калі няма афіцыйнай інфармацыі, то палітолягі і журналісты пачынаюць карыстацца інфармацыяй — правільна — з крыніцаў, вартых даверу. А на Камароўцы Колю ніхто не абмяркоўвае, там проста клянуць прэзыдэнта за вельмі вялікія кошты на тавары”.

Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем:

Спадарыня: “Паважаная “Свабода”, добры вечар. Да дзесяцігодзьдзя палітычнай кар’еры Пуціна на тэлеэкранах выстаўляюць татуіроўкі з выявай яго твару на руках, на целе маладых людзей. Але мы бачылі і другое: сотні трупікаў каўкаскіх дзяцей, сотні мёртвых на падлозе спартзалі школы ў Беслане. За ўсё прыйдзецца адказаць — Бог такое не даруе. Час усё расставіць на месца. І дзякуй Станіславу Шушкевічу, Зянону Пазьняку, дзясяткам, сотням, тысячам беларускіх людзей, хто ствараў цяпер і ў мінулым нашу незалежнасьць ад усходняй імпэрыі. Можа, трэба быць і трохі больш радыкальным да ўсходняй імпэрыі. Хоць такой радыкальнай вы і сталі. Адна перадача Вячаслава Ракіцкага пра гуманізм рускай літаратуры — гэта на здорава. Усяго найлепшага вам ва ўсім. Дзякуй”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.