Глыбоцкі пракурор Сеўрукоў: “Чарапы, стрэлы… Абы пісаць”

Глыбоцкія храмы: касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы й царква Раства Прасьвятой Багародзіцы, у якой знайшлі пахаваньне.

Чыноўнікі ў Глыбокім яшчэ да вынікаў афіцыйнай экспэртызы выказваюць сумненьні адносна найбольш распаўсюджанай вэрсіі нядаўна знойдзенага пахаваньня невядомых асобаў у сутарэньнях царквы Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы.

СЛУХАЦЬ:


Парэшткі невядомых, знойдзеныя ў ліпені ў сутарэньнях царквы Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Глыбокім, адпраўленыя на экспэртызу ў Менск. Гэтай справай цяпер займаецца Віцебская абласная пракуратура сумесна з Генэральнай пракуратурай Беларусі.

Пра гэта “Свабодзе” паведаміў пракурор Глыбоцкага раёну Анатоль Сеўрукоў. Тэрмін, за які экспэрты павінны выказацца адносна ўзросту чалавечых парэшткаў і іх паходжаньня, спадар Сеўрукоў не назваў. Пры гэтым пракурор Глыбоцкага раёну ня лічыць, што гэтай гісторыі варта надаваць шмат увагі, бо, на ягоную думку, “нічога сэнсацыйнага ў знаходцы няма”:

“Якая гэта таямніца?! Уявіце, храм існуе з 1639 году — колькі часу мінула! Там нават пахаваньні ёсьць, бо людзей там хавалі за гэтымі стагодзьдзямі. А тут такі шум паднялі”.

Карэспандэнт: “Але ж там знайшлі пачак ад цыгарэт, рэшткі адзежы?”

Анатоль Сеўрукоў: “Ды якія цыгарэты… (Сьмяецца.) І што адзежа, і кроў — ды што хочаш нагавораць. Чарапы, стрэлы… Ды ну! Абы пісаць…”

Паводле Анатоля Сеўрукова, у храме Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы, дзе знайшлі парэшткі, безь перашкод вядуцца службы, а ў сутарэньні, як і раней, можна спускацца на экскурсіі.

Мясцовы журналіст Уладзімер Скрабатун гэтыя зьвесткі абвяргае. Паводле журналіста, які спасылаецца на знаёмых яму людзей, экскурсіі ў сутарэньні сабору забароненыя. Краязнаўца пацьвярджае зьвесткі пра знаходку разам з косткамі людзей пачка цыгарэт “Муза” варшаўскай тытунёвай фабрыкі і кавалкаў польскіх газэт ды дакумэнтаў. Уладзімер Скрабатун аддае перавагу вэрсіі пра расстрэл супрацоўнікаў польскай адміністрацыі байцамі НКУС:

“У 1939 г., з усталяваньнем савецкай улады, маглі зьнішчыць тых людзей, якія з пункту гледжаньня гэтай улады маглі арганізаваць супраціў. Быў жа тут бурмістар, быў павятовы сойм, быў камэндант гарнізону. Маглі іх патаемна зьнішчыць у падвалах царквы. А самае галоўнае, што нагадвае пра почырк НКУС — гэта наяўнасьць чарапоў дзяцей і падлеткаў. Гэтыя заўсёды так рабілі — каб не было сьведкаў”.

Косткі, чарапы і рэчы, якія належалі 25 чалавекам, адкапалі валянтэры, якія працавалі ў царкве пад кіраўніцтвам праваслаўнага протаярэя Аляксандра Ледаховіча. У першых інтэрвію спадар Ледаховіч выказаў меркаваньне, што знойдзеных людзей гвалтоўна забілі, і спаслаўся на студэнтаў-мэдыкаў, якія працавалі ў групе валянтэраў. Але ўжо празь некалькі дзён узьнікла вэрсія пра пахаваньні 19-га стагодзьдзя і нават пазьнейшыя.

Гісторык Ігар Кузьняцоў мяркуе, што карэктаваньне часу сьмерці невядомых адбываецца невыпадкова:

“Знойдзены ж быў пачак польскіх цыгарэт і гільза ад савецкай зброі. І раптам паказваюць сюжэт на БТ, дзе сьвятар кажа пра 16 ці 17 стагодзьдзе!
Вы мяне прабачце, але адрозьніць парэшткі 16 стагодзьдзя ад 20 можа і неадмысловец.
Вы мяне прабачце, але адрозьніць парэшткі 16 стагодзьдзя ад 20 можа і неадмысловец. Пачынаецца традыцыйная схема сыходу ў 16-е стагодзьдзе ці ў пэрыяд нямецкай акупацыі. Для мяне ўсё настолькі відавочна, што няма чаго і камэнтаваць. Што казаць пра 25 ахвяраў, калі вядома пра дзясяткі тысяч расстраляных — і ўсё роўна не прызнаюць гэтага. У Менску ёсьць яшчэ 8 вядомых месцаў расстрэлу, акрамя Курапатаў, ва ўсіх абласьцях ёсьць такія месцы. Па ўсёй нашай тэрыторыі месцы такіх расстрэлаў”.

Паводле гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута, які першым напісаў пра знаходку ў польскай “Газэце выборчай”, з Польшчы ў беларускае Міністэрства абароны накіравалі просьбу дапамагчы з атрыманьнем дазволу, каб узяць удзел у вывучэньні парэшткаў, знойдзеных у Глыбокім. Ініцыятыву выявіла грамадзкая арганізацыя памяці, якая дзейнічае пры польскім Міністэрстве абароны:

“Але ніякага афіцыйнага адказу пакуль няма. Я размаўляў з прэсавай службай Мінабароны Беларусі, там сказалі, што ня ведаюць, ці будуць дапушчаныя польскія экспэрты да экспэртызы парэшткаў”.