Офіс АБСЭ запрасіў нямецкага экспэрта на просьбу беларускага МЗС

Ганс Ёхэн Шміт

Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай для беларускіх СМІ заяве амбасадара АБСЭ ў Беларусі Ганса-Ёгана Шміта.

У сувязі з апошнімі “супрацьлеглымі паведамленьнямі” у беларускіх мэдыях адносна прававога заключэньня нямецкага юрыста д-ра Марціна Фінке па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску палічыў неабходным паведаміць наступнае:

“У траўні 2009 офіс АБСЭ ў Менску атрымаў запыт ад Міністэрства замежных спраў Беларусі адносна аказаньня дапамогі ў пошуку незалежнага экспэрта ў галіне права, які б спэцыялізаваўся ў крымінальным і крымінальна-працэсуальным заканадаўстве ўсходнеэўрапейскага рэгіёну, с мэтай вывучэньня справы Аўтуховіча-Лявона-Асіпенкі. Задачай экспэрта было даць непрадузятую і аб’ектыўную ацэнку гэтай справе з выяўленьнем магчымых парушэньняў у галіне правоў чалавека ці злоўжываньняў крымінальным працэсам.

Офіс АБСЭ ў Менску прапанаваў кандыдатуру Марціна Фінке ў якасьці вядомага міжнароднага вядучага экспэрта ў галіне крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права, які мае вялікі дасьледчыцкі і выкладчыцкі досьвед са спэцыялізацыяй ва ўсходнеэўрапейскім і расейскім праве.

Вышэй названыя факты тлумачаць ролю офісу АБСЭ ў Менску ў гэтай справе”, гаворыцца ў распаўсюджанай для беларускіх СМІ заяве амбасадара Ганса-Ёгана Шміта.

Марцін Фінке
Раней у інтэрвію “Свабодзе” нямецкі доктар права Марцін Фінке распавёў, што на запрашэньне офісу АБСЭ знаходзіўся ў Менску два дні. У мэтах падрыхтоўкі незалежнай экспэртызы ён цягам аднаго дня меў дыскусіі з прадстаўнікамі беларускага МУС, а цягам другога — займаўся вывучэньнем матэрыялаў справы. Спадар Фінке дадаў, што ня меў ніякіх кантактаў ні з прадстаўнікамі абароны, ні з абвінавачваньнем, ні з самім Мікалаем Аўтуховічам.

Паводле нямецкага эскпэрта, ён шукаў парушэньні заканадаўства і ягоным заданьнем была экспэртыза не палітычнага боку справы і не характару пакараньня, а менавіта крымінальна-працэсуальнага аспэкту.

Спадар Фінке таксама патлумачыў, што ў сувязі з тымі абавязаньнямі маўчаньня, якія ён даў АБСЭ, ён ня можа агучваць сваіх уражаньняў адносна стану справы Аўтуховіча.