Зьвесткі пра ахвяру сьвінога грыпу засакрэчаныя

Галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароў Іна Карабан паведаміла, што гарадзенская дзяўчынка памерла не ад сьвінога грыпу. Паводле чыноўніцы, гэта быў звычайны сэзонны грып з “пэўнымі генэтычнымі субстанцыямі”, але ня вірус, які выяўлены зусім нядаўна. З гэтай нагоды ведамства рыхтуе афіцыйнае абвяржэньне інфармацыі, агучанай шэрагам СМІ. У ведамстве таксама кажуць, што ў Беларусі вядзецца праца над стварэньнем антыгрыпознай вакцыны, аднак казаць пра нейкія посьпехі ў гэтай справе пакуль рана.
Маленькая Даша, якую лячылі ад сальманэлёзу, насамрэч магла памерці ад грыпу А (H1N1). Такую вэрсію не выключаюць як судова-мэдычныя экспэрты, так і бацькі дзяўчынкі. Аднак цяпер справай займаюцца сьледчыя органы, якія да атрыманьня фактаў у пацьвярджэньне такой магчымасьці ад камэнтароў устрымліваюцца.

Між тым прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна кажа, што пра надзвычайнае здарэньне ў выглядзе вірусу “сьвінога грыпу”, які нібыта выклікаў сьмерць гарадзенскай дзяўчынкі, ніякіх зьвестак няма:

“Пакуль ніяк не камэнтуем, на гэты момант няма ніякіх зьвестак”.

Карэспандэнт: “То бок такая інфармацыя не абмяркоўвалася ўвогуле?”

“Шчыра вам скажу, я на ўсіх лятучках прысутнічаю, падчас усіх справаздачаў па дзіцячай сьмяротнасьці, на нарадах па ўсіх бягучых актуальных пытаньнях — ніколі нічога падобнага не праходзіла”.
У нас пакуль ня выяўлена нават прыкметаў заражэньня на А (H1N1), ня кажучы ўжо непасрэдна пра само заражэньне.

Спадарыня Шульпіна таксама ўдакладніла, што сёньня да судмэдэкспэртаў накіраваны адпаведны запыт, і цяпер у ведамстве чакаюць адказу ад спэцыялістаў.

Лекар-інфэкцыяніст Андрэй Бяляеў згодны лічыць інфармацыю пра зьяўленьне ў Беларусі сьмяротна небясьпечнага вірусу А (H1N1) перабольшаньнем. У іншым выпадку пра неабходнасьць абарончых захадаў на ўзроўні ўнутраных інструкцый былі б папярэджаныя лекары. Паводле мэдыка, у такой сытуацыі хаваць нейкую інфармацыю было б неабачліва:

“Афіцыйна такіх зьвестак дакладна няма. Таму што ў нас пакуль ня выяўлена нават прыкметаў заражэньня на А (H1N1), ня кажучы ўжо непасрэдна пра само заражэньне. У дадзеным выпадку калі б было нейкае афіцыйнае заключэньне, тады, канечне, вёўся б сур’ёзны разбор. А там, магчыма, гэта проста падазрэньне сваякоў. Натуральна, зусім ня выключана, што існуюць якіясьці ўскосныя прыкметы хваробы, але пакуль афіцыйна вірус не пацьвердзяць — гэта пустое скалананьне паветра”.

Адмысловец таксама зьвяртае ўвагу на тое, што ў дзяўчынкі аб’ектыўна не было магчымасьці захварэць на сьвіны грып за паўгода да абвяшчэньня пандэміі. Паводле папярэдніх зьвестак, сваякі памерлай не наведвалі Мэксыку ці ЗША, а таксама не кантактавалі зь людзьмі, якія былі ў рызыкоўных рэгіёнах. Пакуль жа гэта асноўны спосаб заражэньня:

“Калі папулярна, то сьвіны грып — гэта чалавечы грып, які муціраваў. А калі ён муціруе, то ніводзін зь вядомых на гэты час мэдыкамэнтаў яго перамагчы ня можа. І асабліва калі ў людзей арганізм аслаблены стрэсавым станам, альбо калі ён прывезены аднекуль заежджымі падарожнікамі. Тады вірус актыўна разьвіваецца і зьнішчае ўсе абаронныя мэханізмы. І чалавек урэшце проста памірае”.
Такая вакцына яшчэ нідзе ў сьвеце ня створаная, дык як яна можа зьявіцца ў Беларусі?

Былі зьвесткі, што падначаленыя Міністэрству аховы здароўя навукова-дасьледчыя ўстановы актыўна працуюць над стварэньнем антыгрыпознай вакцыны. Падавалася, што ў гэтым кірунку нібыта ёсьць істотныя зрухі. Аднак прадстаўніца ведамства Вольга Шульпіна ніякіх зьвестак, якія маглі б абнадзеіць, ня мае:

“Не, такая вакцына яшчэ нідзе ў сьвеце ня створаная, дык як яна можа зьявіцца ў Беларусі? Таму нічога такога няма. Над гэтай вакцынай цяпер працуюць ва ўсім сьвеце, яна распрацоўваецца на міжнародным узроўні. І Беларусь тут наўрад ці можа йсьці наперадзе плянэты ўсёй. Так не бывае”.

Нагадаем, што пры канцы траўня ў Маскве з падазрэньнем на грып A (H1N1) была шпіталізаваная грамадзянка Беларусі, якая перад гэтым наведвала ЗША. Жанчыну тэрмінова накіравалі ў адзін з маскоўскіх шпіталёў, аднак пасьля курсу назіраньня і лекаваньня выпісалі ўжо празь некалькі дзён.