Губіць людзей ня піва...

Блізу сотні прадпрымальнікаў сабраліся сёньня ўранку ля будынка Гомельскага аблвыканкаму. Акцыю ініцыявала грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва”. Прадпрымальнікі такім чынам выказалі свой пратэст супраць забароны продажу піва ў шапіках.
Паводле рашэньня Гомельскага аблвыканкаму, з 8 ліпеня гандаль півам у шапіках на тэрыторыі вобласьці забаронены. Іван Паддубны, заснавальнік шэрагу гандлёвых прадпрыемстваў, якія прадаюць і піва, кажа, што асабіста яму давядзецца закрыць пяць гандлёвых пунктаў:

“Гэта ў канчатковым выніку азначае страту працоўных месцаў для прадпрыемстваў, страту даходу ў тых людзей, за якіх мы нясем адказнасьць як наймальнікі. У пэрспэктыве прыйдзецца закрыць усе пяць кропак гандлю. Нашы сем’і таксама пацярпяць ад гэтага, бо для некаторых з нас гэта адзіны сродак існаваньня. Мы хочам адмены рашэньня аблвыканкаму”.
У прадпрымальнікаў багата пытаньняў і да старшыні камітэту эканомікі аблвыканкаму Эльвіры Карніцкай (у цэнтры)

Усе, хто як і Іван Паддубны, прыйшоў сёньня да аблвыканкаму, хацелі сустрэцца з кіраўніцтвам абласной выканаўчай вэртыкалі. Аднак прадпрымальнікам патлумачылі, што ў дадзены момант ні старшыні, ні ягоных намесьнікаў на месцы няма. З прадпрымальнікамі гутарылі кіраўніца камітэту эканомікі Эльвіра Карніцкая й начальнік управы гандлю Валяр’ян Бяспалы. Яны прапанавалі вылучыць 5 прадпрымальнікаў дзеля размовы. Аднак людзі не пагадзіліся — патрабавалі агульнай сустрэчы. У выніку прадпрымальнікі перадалі ў аблвыканкам сабраныя на месцы подпісы супраць забароны продажу піва ў гарадзкіх шапіках.

Прадстаўнік управы гандлю аблвыканкаму так патлумачыў абмежаваньне на продаж піва:

“Менавіта рэалізацыя піва непаўналетнім і непрыглядны выгляд тых аб’ектаў, дзе ажыцьцяўляецца гандаль, а таксама парушэньне правілаў гандлю з боку прадпрымальнікаў. Таму й было прынятае рашэньне, што ў раздробным гандлі піва не павінна прадавацца”.

Спадарыня Ліда — рэалізатар піва ў адным з гарадзкіх шапікаў. Яна прыйшла да аблвыканкаму, бо застаецца бяз сродкаў да існаваньня:

“Калі зачыняць шапікі, мы пойдзем на біржу, і дзяржава вымушана будзе нам плаціць. Забарона не азначае, што людзі будуць меней піць піва. Гэта ня мэтад барацьбы з п’янствам. У начных крамах можна прадаваць і віно, і гарэлку, а нам піва — не. Якая розьніца: купяць яны ў нас у шапіку й пойдуць у сквэр на лаўку — альбо купяць у краме? Толькі ў краме яны купяць яшчэ гарэлку й віно”.

Некаторыя прадпрымальнікі лічаць, што за ўсімі гэтымі абмежаваньнямі й забаронамі стаяць лабісты:
Прадпрымальнікі ля аблвыканкаму

“За гэтымі забаронамі на гандаль півам — заснавальнікі буйных супэрмаркетаў. Іх ня так шмат у Беларусі, сетак гэтых супэрмаркетаў. І заснавальнікі там, я думаю, таксама адны й тыя ж”.

Да забароны на продаж піва ў шапіках жыхары Гомеля ставяцца па-рознаму. Адны — за, іншыя — супраць.

Спадар: “Няхай прадаюць людзі. Каму трэба, той і без кіёскаў сап’ецца. А каму не, той пройдзе паўз шапікі”.

Спадарыня: “Правільна! Каб вечарам не расьпівалі на кожнай лаўцы, каб кантроль быў якісьці. І каб ведалі час і месца, дзе можна, а дзе — нельга”.

Супрацоўнікі абласной міліцыі затрымалі сябра БАЖ Алега Ражкова, які здымаў на відэакамэру акцыю пратэсту прадпрымальнікаў ля аблвыканкаму. У міліцыі скапіявалі відэазапіс Алега, пасьля чаго адпусьцілі.