Усё больш беларусаў хочуць у Эўропу

Прывабнасьць Эўропы сярод насельніцтва Беларусі з году ў год расьце. Пра гэта сьведчаць вынікі нацыянальнага апытаньня, якое правялі ў чэрвені супрацоўнікі Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьсьледваньняў.
Сацыёлягі сфармулявалі сваё пытаньне так: "Калі б цяпер у Беларусі праводзіўся рэфэрэндум з пытаньнем, ці ўступаць Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз, якім бы быў Ваш выбар?".

Адказы размеркаваліся так:

  • "за" -- 41,4% апытаных,
  • "супраць" -- 39,8%.

Для параўнаньня: летась у верасьні прыхільнікаў далучэньня да адзінай эўрапейскай сям'і было на 11% менш, і на столькі ж больш выказалася супраць Эўразьвязу.

Палітоляг Алесь Лагвінец наступным чынам тлумачыць зьмены ў настроях беларусаў:

Алесь Лагвінец
"На маю думку, гэта адбылося таму, што Беларусь усё больш і больш паварочваецца ў бок аб'яднанайЭўропы. І таксама таму, што тэма Эўропы, эўрапейскай інтэгацыі, Эўрапейскага Зьвязу ўсё больш шырока абмяркоўваецца беларускім грамадзтвам. Гэта зьвязана відавочна з далучэньнем Беларусі да "Ўсходняга партнэрства".

І гэта зьвязана яшчэ і з тым, што сёньня і беларуская ўлада зацікаўленая ў пазатыўным супрацоўніцтве з ЭЗ. Недарма ж два тыдні таму адзіны дзень палітінфармаваньня па ўсёй краіне быў прысьвечаны пэрспэктывам дыялёгу Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам. Яго праводзілі ўлада і ўся ідэялягічная вэртыкаль".

Сацыёлягі зьвязалі магчымае ўступленьне ў Эўразьвяз з інтэграцыяй з Расеяй. Іх пытаньне гучала так: "Калі б давялося выбіраць паміж аб'яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўразьвяз, што б Вы выбралі?". Тут вынікі амаль аднолькавыя:

  • на карысьць Масквы выказаліся 42,1% апытаных,
  • на карысьць Брусэлю –41,4%.

Але яшчэ ў сьнежні летась лічбы выглядалі зусім па-іншаму. Тады за аб'яднаньне з Расеяй выступалі 46%, а за ўступленьне ў Эўразьвяз – толькі 30,1%.

Кандыдат філязофскіх навук Вячаслаў Паздняк, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Wider Europe” адзначае: казаць пра радыкальныя зьмены ў настроях беларусаў пакуль не выпадае. Іхная раздвоенасьць па-ранейшаму захоўваецца:

Вячаслаў Паздняк
"Гэта невялікае, не радыкальнае павялічэньне прыхільнікаў зьбліжэньня і нават уступленьня ў ЭЗ зьвязанае з цяперашняй палітыкай кіраўніцтва краіны. Патрэбна ўлічваць уздзеяньне беларускай прапагандысцкай машыны. А яна дае станоўчую ацэнку нармалізацыі дачыненьняў з ЭЗ".

Аналітык лічыць: дагэтуль многія беларусы выказваюцца "за" ці "супраць" зьбліжэньня з Эўропай пад уплывам эмоцыяў і часовых зьнешніх фактараў:

"Гэта як раз цьвік праблемы на пэрспэктыву – рацыяналізацыя эўрапейскага выбару, асэнсаваньне і ўсьведамленьне. Калі мы ў грамадзянскай супольнасьці будзем гэтай тэндэнцыі садзейнічаць, то тады можна чакаць няхай не хуткага, але паступовага, устойлівага і абгрунтаванага выбару на карысьць Эўропы".

Незалежныя сацыёлягі апыталі больш за паўтары тысячы чалавек, ва ўзросьце 18 гадоў і старэй. Памылка рэпрэзэнтатыўнасьці не перавышае 0.03.